Падставай для правядзення круглага стала паслужыла прынятая ў мінулым годзе Інфармацыйная стратэгія Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства. Яна распрацавана Міністэрствам інфармацыі сумесна з ПРААН у рамках выканання Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў нашай краіне палажэнняў Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю.
Вопыт Маладзечаншчыны
Наш раён невыпадкова быў выбраны пляцоўкай для сустрэчы на такім высокім узроўні. Як зазначыла намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, на Маладзечаншчыне накоплены вялікі вопыт па сацыяльнай адаптацыі людзей з інваліднасцю, якіх сёння ў нас жыве больш за 8 тысяч чалавек. Пакуль яшчэ рана гаварыць, што зроблена ўсё неабходнае па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, аднак мы пастаянна рухаемся наперад. У нашым горадзе адным з першых у краіне быў створаны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, аб рабоце якога расказала яго дырэктар Анжаліка Шапяленка. Сямнаццаць гадоў паспяхова дзейнічае аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Летась у пасёлку Сасновы Бор адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання для адзінокіх і састарэлых. Аб яго рабоце, а таксама аб розных відах сацыяльнага абслугоўвання, выплаце адраснай сацыяльнай дапамогі, забеспячэнні сродкамі рэабілітацыі праінфармавала прысутных Алена Барада, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У нашым раёне эфектыўна працуюць шэсць грамадскіх арганізацый, якія аб’ядноўваюць людзей з інваліднасцю і іх сем’і.
Быць такімі, як усе
«Ці ведаеце вы, што азначае слова інклюзія?» — у адным з тэлесюжэтаў звярталіся журналісты да прахожых на вуліцах нашай сталіцы. Апыталі чалавек дзесяць, і толькі адна дзяўчына адказала, што гэта паўнапраўнае ўключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства. Можна не ведаць значэння замежнага слова, але сам працэс інклюзіі не заўважыць немагчыма. Як і тое, што ў апошнія гады ў нашых СМІ нашмат больш увагі надаецца людзям з асаблівасцямі развіцця. Гэта пацвердзіла і намеснік начальніка ўпраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Бельская. На сёння ў Беларусі налічваецца 1600 друкаваных СМІ, 279 – электронных, з іх 103 – тэлекампаніі. Многае зроблена для таго, каб людзі з інваліднасцю маглі атрымліваць інфармацыю. Гэта і выхад перыёдыкі, выпуск літаратуры са шрыфтам Брайля, дубліраванне тэлеперадач, мастацкіх фільмаў субцітрамі і сурдаперакладам. На Беларускім тэлебачанні заканчваецца ўстаноўка сучаснага абсталявання, дзякуючы якому гледачы з парушэннямі слыху змогуць карыстацца функцыяй схаваных субцітраў, самі актывізаваць яе.
Каардынатар праектаў ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Вольга Атрошчанка падкрэсліла, што сёння змяняюцца падыходы да асвятлення названай тэмы. Усё часцей журналісты расказваюць пра людзей з інваліднасцю не як пра ахвяр цяжкай хваробы ці трагічнага выпадку, якія маюць патрэбу ў спачуванні і падтрымцы, а як пра цікавых, самадастатковых людзей, якія многага дабіліся ў жыцці і ў якіх ёсць чаму павучыцца. Быць паўнапраўнымі членамі грамадства — галоўнае жаданне нашых суайчыннікаў з абмежаванымі магчымасцямі. І сродкі масавай інфармацыі з іх шматмільённай аўдыторыяй могуць эфектыўна спрыяць працэсу інклюзіі, фарміраваць грамадскую думку.
Галоўны прынцып – не нашкодзь
Адзін з раздзелаў Інфармацыйнай стратэгіі ўключае рэкамендуемыя для СМІ стандарты этычнага, гуманітарнага, тэрміналагічнага характару пры падрыхтоўцы матэрыялаў пра людзей з інваліднасцю. Напрыклад, перад тым як расказаць пра чалавека з асаблівасцямі, журналіст абавязкова павінен атрымаць згоду ад яго ці яго законнага прадстаўніка. Пажадана пазнаёміць свайго героя з тэкстам да яго публікацыі. Вельмі важная тэрміналогія, якую карысна ведаць не толькі работнікам СМІ, але і ўсім людзям. Згодна з міжнароднымі стандартамі правільна гаварыць «чалавек з інваліднасцю», а не «інвалід», «чалавек, які рухаецца на калясцы», а не «калясачнік» ці «прыкаваны да каляскі», «чалавек з разумовымі абмежаваннямі», а не «чалавек з псіхічнымі праблемамі» ці «псіхічнахворы».
Гаварылася і пра тое, што няправільна ў сацыяльнай рэкламе выкарыстоўваць атрыбутыку, якая асацыіруецца з інваліднасцю. Напрыклад, тую ж каляску, якой на білбордах палохаюць вадзіцеляў-ліхачоў. Каляска для людзей з асаблівасцямі развіцця жыццёва неабходная, яна дапамагае ім рухацца і не павінна несці негатыўнага значэння…
Такіх нюансаў шмат. Пазбегнуць памылак, каб ненаўмысна не пакрыўдзіць людзей з інваліднасцю, дапамагае і наша ўнутраная культура. Журналіст, які любіць сваю прафесію, паважае сваіх герояў, знойдзе словы, каб цікава, праўдзіва і карэктна расказаць пра чалавека, а не пра яго хваробу. Медыцынскі бок праблемы не павінен прэваліраваць. Галоўны прынцып у журналістыцы, як і ў медыцыне: не нашкодзь.
Што такое «ясная мова»?
Усе мы ведаем, што такое безбар’ернае асяроддзе, якое пашыраецца з году ў год. Але ёсць і паняцце камунікацыйнага безбар’ернага асяроддзя, што дае магчымасць людзям з інваліднасцю зразумець адрасаваную ім інфармацыю. З гэтай мэтай у нашай краіне распрацоўваецца праект «Ясная мова». У яго рамках людзі з разумовымі абмежаваннямі працуюць з тэкстамі і ацэньваюць, наколькі яны даступныя для іх. З іх падказкай спецыялісты адаптуюць розныя рэкамендацыі, інфармацыйныя даведкі, іншыя тэксты, перакладаюць іх на зразумелую мову, дапаўняюць малюнкамі і крыптаграмамі. Мяркуецца, што «ясную мову» будуць выкарыстоўваць 20 дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый са сферы сацыяльнай абароны, адукацыі Мінскай, Брэсцкай і іншых абласцей.
У час трэнінгу, які правяла прадстаўніца журналісцкай майстэрні «Прэс-клуб» Ала Шарко, прысутныя на практыцы пазнаёміліся з рэкамендуемымі стандартамі, «яснай мовай», прааналізавалі знаходкі і памылкі сваіх калег на канкрэтных матэрыялах і фрагментах тэлеперадач.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.