Новости Молодечно и Молодечненского района

Хто адрамантуе дах?

  • 2018-05-28 09:48:21
  • Аляксандр Лазоўскі

Надзея Мікалаеўна чалавек пажылы, мае 83 гады. Да таго ж інвалід другой групы, перамяшчаецца з дапамогай кійка. Але вашага карэспандэнта сустрэла на лесвічнай пляцоўцы. Зрэшты, менавіта тут кідаецца ў вочы прычына, па якой і запрасіла жанчына ў госці журналіста.

– Дачнікі просяць дажджу, а для мяне ён – кара нябесная. Паглядзіце, адкуль льецца вада на галаву, – жанчына паказвае на столь перад уваходам у кватэру. Яшчэ ад мінулага тыдня і сцяна, і ўваходныя дзверы не прасохлі. А тут зноў навальніцы абяцаюць…

Муж і жонка Ананчанкі ў доме №2а па вуліцы Валынца жывуць 25 гадоў. І больш за дваццаць з іх пакутуюць ад атмасферных ападкаў – дажджу і снегу. Першае пісьмо з просьбай аб дапамозе ў тады яшчэ Маладзечанскі гарвыканкам датаванае снежнем 1997 года. Затым былі звароты ў самыя розныя інстанцыі: дапамажыце, адрамантуйце дах і «ліўнёўку».

Шматлікія камісіі факты працякання не адмаўлялі – яны ўсе навідавоку: падцёкі і цвіль на лесвічнай пляцоўцы, у прыхожай, раней адзначаліся ў туалеце. Начальнікі, што давалі пісьмовыя адказы, абяцалі вы-
правіць становішча. Хто пасля таго, як растае снег, хто ў маі, хто пасля дожджыку ў чацвер… Работы час ад часу вяліся, рабочыя нешта рабілі наверсе. Але сітуацыя калі і мянялася ў лепшы бок, то ненадоўга…

– Апошнім часам у адказах на звароты нам раяць звяртацца ў страхавую арганізацыю каб пакрыць матэрыяльны ўрон, нагадваюць, што мы маем права абскардзіць адказы ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт. Як гэта чыноўнікі не разумеюць, што мы з мужам пішам зусім не дзеля таго каб вырваць нейкія грошы, не таму, што скаржнікі мы. Нам, пажылым хворым людзям, якія ўсё жыццё сумленна працавалі, хочацца ў старасці спакою і звычайнага бытавога камфорту, – прызнаецца Надзея Ананчанка. – Наша краіна спадарожнікі ў космас пасылае, атамную станцыю будуе, а тут нейкі дах нармальна адрамантаваць не могуць. І смех, і грэх…

Для саміх Ананчанкаў смех гэты праз слёзы, якія, вобразна кажучы, дадаюць сырасці ў кватэры. Мажліва, ЖРЭУ-2 урэшце арганізуе якасны рамонт даху і спыніць шматгадовыя выпрабаванні насельнікаў кватэры №29?

"Маладзечанская газета" расказвае пра тое, з якімі пытаннямі звяртаюцца ў рэдакцыю жыхары Маладзечаншчыны ў рубрыцы "Решаем проблему с "МГ".

Будзем чакаць вынікаў.

Тэкст: АЎТАР.