У нумары газеты за сераду, 27 сакавіка, мы пісалі пра памятнае мерапрыемства «Забыць такое немагчыма…», прысвечанае 80-годдзю трагедыі ў Парадоўшчыне і Дню памяці ахвяр спаленых вёсак.
У пацвярджэнне таго, што нічога не забыта, настаўніца гісторыі Гарадоцкай базавай школы Таццяна Шумель у час мітынгу-рэквіема распавяла гісторыю трагедыі і асабістую гісторыю жыхара Парадоўшчыны Сцяпана Садоўскага, якому было 15 гадоў, калі яго землякоў расстралялі і спалілі.
24 снежня прыкладна ў 9 гадзін раніцы ў вёску прыехалі немцы і наёмнікі з корпуса СД, што дыслацыраваўся ў Вілейцы. Заходзілі ў хаты і выганялі ўсіх на вуліцу, загадваючы ісці да вялікага хлява Аляксандра Бурага. У тыя часы вёска складалася з 42 хутароў, якія былі раскіданы паміж узгоркамі ды ляскамі. Не дзіўна, што партызаны сюды наведваліся часта. Жыхары Парадоўшчыны і іншых вёсак дапамагалі ім, чым маглі, але трымалі ўсё ў строгай тайне. І ўсё ж знайшоўся той, хто данёс ворагам, паказаў дамы, у якіх дапамагалі партызанам. Таму, зразумела, не проста так тут з’явіўся атрад карнікаў – пакараць мясцовых жыхароў за сувязь з партызанамі.
І пакаралі, не зважаючы ні на што, усіх жыхароў. У гэты дзень жывымі былі спалены 35 чалавек: самаму старэйшаму з іх было 68 гадоў, самаму малодшаму – усяго толькі два дні. Выратаваліся 21 чалавек, адным з іх быў Сцяпан Вікенцьевіч. Яму ўдалося выбегчы разам з сябрам Валянцінам Галкоўскім з палаючага хлява, але адразу яны натрапілі на немцаў. Адзін з іх развярнуўся, каб даць чаргу з аўтамата, але… Сцяпан раптоўна праваліўся ў пустую бульбяную яму. Хлопец перамахнуў на другі бок плоту і зноў ледзь не наскочыў на двух фашыстаў. Падлетак застыў перад імі, паралізаваны страхам… Адзін немец нешта сказаў напарніку, і яны, нібы па камандзе, ускінулі зброю на плечы і адвярнуліся… Чаму пашкадавалі перапалоханага хлопца? Магчыма, у той момант успомнілі сваіх дзяцей?
І толькі ў лесе кажух і галянішча сцяпанавага бота прашылі кулі, нехта ўсё ж пусціў чаргу наўздагон. Але галоўнае – хлопцу ўдалося застацца жывому… І сваім жыццём даказаць: жыццё і праўда мацней за смерць.
Падрыхтавала: Маргарыта МІКАЛАЕВА