Святлана ІВАШАНКА – настаўніца гісторыі, кіраўнік школьнага краязнаўчага музея Раёўскай базавай школы. Калі сустракаешся з апантаным чалавекам, адразу адчуваеш яго зацікаўленасць у той справе, якой ён сябе прысвяціў.
– Музей быў створаны яшчэ ў 1985 годзе. Адкрываў яго тагачасны дырэктар школы Рыгор Лапіцкі, заслужаны настаўнік БССР. Гісторык па адукацыі, ён карпатліва збіраў інфармацыю, займаўся краязнаўчай работай, складаў школьны летапіс, – расказвае Святлана Віктараўна. – Музею папярэднічалі тэматычна аформленыя куткі. Лабарант школы Здзіслаў Гошкавіч, мастак-аматар, намаляваў панараму Раёўкі. На жаль, захавалася толькі яе частка.
У мінулым навучальным годзе ў рамках рэалізацыі гуманітарнага праекта «Гісторыі ажыўшыя старонкі» пад кіраўніцтвам дырэктара школы Мікалая Мажуля музей быў перанесены ў іншае памяшканне. У свой час, працуючы настаўнікам працоўнага навучання, ён зрабіў макеты партызанскай зямлянкі і сялянскай хаты.
– Экспазіцыя школьнага краязнаўчага музея складаецца з чатырох раздзелаў: этнаграфічны, гісторыя Раёўскай школы, жыхары вёскі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыя вёскі Раёўкі, – працягвае субяседніца. – Самымі каштоўнымі экспанатамі ў раздзеле, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, з’яўляюцца пісьмы-трохкутнікі загінулага танкіста, гвардыі сяржанта Вілена Мялюшчава. Гэтыя пісьмы перадала музею маці воіна. Экспанаты этнаграфічнага раздзела былі сабраныя былой настаўніцай гісторыі Зінаідай Спецыян. Мы бачым сялянскую хату, яе аздабленне, прылады працы і хатняга ўжытку. Пра іх шмат цікавага могуць расказаць юныя экскурсаводы.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР