Новости Молодечно и Молодечненского района

Гісторыя краю ў экспанатах

  • 2024-04-07 11:04:22
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Каб жыхарам Дубрава даведацца пра гісторыю малой радзімы, трэба наведаць школьны музей.

Частыя госці гісторыка-краязнаўчага музея Дубраўскай базавай школы не толькі вучні, але і былыя выпускнікі, а таксама людзі, чые дзяцінства і маладосць звязаны з гэтымі мясцінамі.

– Экспанаты для музея збіраліся ў нашай мясцовасці, – расказала кіраўнік гісторыка-краязнаўчага гуртка Антаніна Татарынцава. – Фонд і экспазіцыі пастаянна абнаўляюцца дзякуючы настаўнікам, навучэнцам і іх бацькам. Рэчы, фатаграфіі, карціны, іншыя артэфакты расказваюць пра гісторыю роднай вёскі і школы.

Так, у музеі прадстаўлена нумізматычная калекцыя. Збор керамічнага посуду мясцовых майстроў дазваляе праводзіць тэматычныя экскурсіі па гісторыі гэтага прадмету побыту. На акварэлях адлюстравана жыццё Дубрава ў ХІХ стагоддзі. Ёсць раздзел, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі могуць убачыць, якімі сельскагаспадарчымі прыладамі карысталіся нашы продкі, як аздаблялі жылыя памяшканні.

– Спачатку пад экспанаты ў школе быў адведзены спецыяльны куток, потым – асобны пакой, – гаворыць Антаніна Пятроўна. – Сабраная калекцыя склала аснову экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея. Каб акунуцца ў гісторыю, навучэнцы заўсёды могуць зазірнуць сюды. Музей з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО