Новости Молодечно и Молодечненского района

Гомельчанин рассказал, как проходит его альтернативная служба в молодечненской больнице

  • 2020-01-04 05:45:24
  • Алег Бяганскі

Нарадзіўся Валерый у мнагадзетнай сям’і. У яго два браты і сястра. Пасля школы хлопец атрымаў спецыяльнасць аўтаслесара. Ён з’яўляецца членам абшчыны сведак Іеговы, таму па рэлігійных перакананнях выбраў альтэрнатыўную службу.

— Напісаў у ваенкамат заяву аб праходжанні альтэрнатыўнай службы, — гаворыць малады чалавек. – Прызыўная камісія пераканалася, што маё жаданне шчырае. Падтрымалі і бацькі. Такім чынам, мяне накіравалі ў Маладзечанскую цэнтральную раённую бальніцу. Да гэтага ў Маладзечне не быў.

Асноўныя абавязкі Валерыя — транспарціроўка хворых і ўборка памяшканняў. Увогуле, даручэнняў шмат. Работа напружаная. Калі дапамогі чакаюць пацыенты і персанал, нельга губляць ні хвіліны. Рабочы дзень маладога чалавека доўжыцца з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара. Адна гадзіна даецца на абед. Выхадны адзін – нядзеля.

— Да службы прывык, — працягвае субяседнік. — Усе даручэнні стараюся выконваць якасна. Час ляціць вельмі хутка. Часта тэлефаную бацькам. Езджу да іх у водпуск (раз на год альтэрнатыўшчыкам даецца дзесяць дзён адпачынку). Жыву ў інтэрнаце з земляком Анато-ліем Сітнікам, які таксама праходзіць альтэрнатыўную службу. Дапамагаем адзін аднаму. Аднак ежу гатуе кожны для сябе – у нас розныя густы.

Згодна з законам аб альтэрнатыўнай службе, хлопец не плаціць за жыллё і паслугі ЖКГ. Штомесячнае грашовае ўтрыманне альтэрнатыўшчык атрымлівае ад упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама. Гэта ўстаноўленая дзяржавай дапамога роўная 150 працэнтам найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Пачынаючы з 13-га месяца памер штомесячнага грашовага забеспячэння павышаецца на 20 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, а з 25-га месяца — на 40 працэнтаў. Такім чынам, грошы на асабістыя патрэбы і харчаванне ў хлопца ёсць.

— У вольны час гуляю па парку, наведваю спартыўна-забаўляльны цэнтр, — гаворыць Валерый. – Маладзечна мне падабаецца. Горад зручны для жыцця, камфортны. Хаджу на службы, знайшоў новых сяброў сярод адзінаверцаў.

Малады чалавек адмоўна ставіцца да хлопцаў, якія «косяць» ад арміі. Іншая справа, калі прызыўнік прызнаецца нягодным да службы па стане здароўя або атрымлівае адтэрміноўку на іншых законных падставах. Што тычыцца веры і перакананняў, яны не з’яўляюцца перашкодай аддаць свой доўг Радзіме.

Да канца службы альтэрнатыўшчыкам застаўся месяц. Валерый яшчэ не вырашыў, што будзе рабіць, калі вернецца дамоў.

— Я навучыўся быць больш уважлівым і адказным дзякуючы службе, выхаваў у сабе вытрымку і пунктуальнасць. А яшчэ пераканаўся, што нельга здра-джваць сваім перакананням, — сказаў на развітанне Валерый Грытчанка.

Слова спецыялісту

Некаторыя прававыя аспекты альтэрнатыўнай службы мы папрасілі раскрыць начальніка аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірыну Варатынскую.

— Альтэрнатыўная служба з’явілася ў Беларусі 1 ліпеня 2016 года пасля ўступлення ў сілу адпаведнага закона, — расказала спецыяліст. – Закон дае прызыўніку права выбару — ісці ў армію або на «гражданцы» выконваць грамадска-карысную работу ў бальніцах, сельскагаспадарчых прадпрыемствах, лясгасах, будаўнічых арганізацыях... Прызыўнік павінен не толькі заявіць аб жаданні праходзіць альтэрнатыўную службу, але і абгрунтаваць сваё хадайніцтва. У прыватнасці, яму неабходна даказаць, што прыняцце ваеннай прысягі, нашэнне, прымяненне зброі або непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі, боепрыпасаў і баявой тэхнікі супярэчаць яго рэлігійным перакананням у той меры, у якой становіцца немагчымым праходжанне воінскай службы. Тэрмін альтэрнатыўнай службы для асоб з вышэйшай адукацыяй – 24 месяцы, без вышэйшай адукацыі – 36 месяцаў. З моманту прыняцця закона на альтэрнатыўную службу былі накіраваны два жыхары нашага раёна (у ваўкавыскі і кобрынскі раённыя дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў).

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.