Чатыры гады таму сябар падарыў Анатолію Міхайлавічу кволую галінку лімоннага дрэўца. Без усялякай надзеі гаспадар паставіў яе ў шклянку з вадой. Расліна пусціла карані і пачала даволі хутка набіраць сілу. А неўзабаве парадавала і першымі кветкамі. Анатолій Міхайлавіч гаворыць, што цвіце лімоннае дрэва вельмі прыгожа, пышна, водар духмяны — падобны на язмінавы. Ён так захапіўся вырошчваннем экзатычнай расліны, што цяпер у яго ўжо тры вазоны. Вельмі любіць фатаграфаваць, як дрэўцы растуць, цвітуць, плоданосяць.
Першыя плады з’явіліся летась. Самы вялікі быў амаль паўкілаграма. Каштавалі яго на Новы год. Гаворыць, што ён больш смачны за магазінныя лімоны. Сёлета ў кожным вазоне зноў па фрукце! Найвя-
лікшы знялі зусім нядаўна – 657 грамаў заважыў.
— Лімонныя дрэўцы невысокія – усяго каля 60 сантыметраў. У доглядзе непатрабавальныя. За ўвесь час, можа, два разы падкармілі спецыяльным угнаеннем для цытрусавых. Звычайна паліваем — і ўсё, — расказвае Анатолій Міхайлавіч.
Калі ён любуецца сваім «садам» на падаконніку, штораз прыгадвае дзяцінства і… мандарынавае дрэўца. Некалі яго расток тата падарыў маме на 8 Сакавіка.
— І цяпер не перастаю здзіўляцца, дзе ён яго ўзяў. Гэта ж было 40 гадоў таму! – Дрэўца вырасла на славу, доўгія гады шчодра адорвала нашу сям’ю пладамі. Напярэдадні Новага года мы, тры браты і бацькі, разам знімалі мандарыны, а потым абавязкова ставілі духмяны пачастунак у шкляной круглай вазе на святочны стол.