Новости Молодечно и Молодечненского района

Гарадзілаўцы разлічваюць на добры ўраджай

  • 2023-07-28 05:28:18
  • Алег Бяганскі

Як адзначыла аграном гаспадаркі Іна Шчарбакова, у апошнія гады гарадзілаўцы робяць стаўку на азімыя культуры. Іх доля ў пасяўных плошчах вагаецца ад 80 да 90 працэнтаў. Пры гэтым па-за канкурэнцыяй азімы рапс. Справа ў тым, што даход ад рэалізацыі гэтай культуры вялікі. Да таго ж маецца вялікі вопыт у яе вырошчванні.

-- Жніво ў гаспадарцы пачалося ў аптымальныя тэрміны, -- паведаміла Іна Міхайлаўна. -- Уборка азімага ячменю ўжо завершана. У Гарадзілаве ён убраны з плошчы 136 гектараў. Ураджайнасць склала 60,6 цэнтнера на круг. У Палачанах пад азімым ячменем было 170 гектараў. Ураджайнасць тут -- 67,5 цэнтнера з гектара. Цяпер вядзецца ўборка азімага рапсу. На чарзе -- азімая пшаніца, іншыя культуры.

Не забываюць у гаспадарцы пра корманарыхтоўку. Усяго намечаны чатыры ўкосы зялёнай масы. Два з іх прайшлі паспяхова. На днях пачынаецца трэці. У выніку грамадскі статак будзе гарантавана забяспечаны кармамі на зімова-стойлавы перыяд. Гэта дасць магчымасць і надалей павялічваць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, нарошчваць аб’ёмы надояў.

Субяседніца падкрэсліла, што глебы ў гаспадарцы ў асноўным урадлівыя, гліністыя і сугліністыя. Яны маюць уласцівасць утрымліваць вільгаць, што ў засушлівы перыяд дапамагло захаваць пасевы. Бал ворыва высокі. Аднак без эфектыўнай арганізацыі працы, перадавой агратэхнікі, старання спецыялістаў, зладжанага калектыву было б немагчыма мець намалоты адны з лепшых нават на ўзроўні вобласці.

Збожжавая рака, якая пачынаецца ў полі, спачатку накіроўваецца на зернесушыльны комплекс. У Гарадзілаве ён сучасны, працуе на газе. Прадукцыйнасць, у залежнасці ад вільготнасці ўраджаю, 500 -- 700 тон зерня ў суткі. Абслугоўваюць абсталяванне кругласутачна падрыхтаваныя спецыялісты.

-- Гэта мой сямнаццаты сезон на зернесушыльным комплексе, -- гаворыць аператар Алег Ігнатовіч. -- У папярэднія дні мы прасушвалі ячмень. Цяпер прымаем рапс. Працуем у дзве змены. У маёй -- сын Андрэй, а таксама падсобны рабочы Аляксандр Усціновіч. Ад якасці нашай працы ў многім залежыць прыбытак гаспадаркі. Летась на комплексе было даведзена да патрэбнай кандыцыі прыкладна 14,5 тысяч тон зерня. Так што з вялікімі аб’ёмамі ўраджаю мы абавязкова справімся.

Адзначым, што ў гаспадарцы база пад будучы ўраджай закладваецца ўжо цяпер. Калі мы наведалі «Гарадзілава», тут праводзілася апрацоўка і падрыхтоўка элітнага пасяўнога матэрыялу азімага ячменю. Працэс кантраляваў загадчык збожжасклада Сяргей Міхалевіч.

-- Перад тым, як зярняты трапяць у глебу, яны павінны быць ачышчаны, адсартаваны, апрацаваны супраць розных хвароб, -- паведаміў спецыяліст. -- Работнікі склада сочаць за вільготнасцю, тэмпературай, іншымі параметрамі пры захоўванні збожжа. Немалаважна і тое, што збожжасклады ў гаспадарцы былі мадэрнізаваны. Усё гэта гарантуе якасны пасяўны матэрыял і высокі ўраджай.

Нездарма кажуць, што асноўным звяном любой вытворчасці з’яўляецца чалавек. Калі работнік матываваны, падрыхтаваны, накіраваны на вынік, ён паспяхова справіцца з любым заданнем. У «Гарадзілаве» гэта разумеюць, таму ўдзяляюць прыярытэтную ўвагу чалавечаму фактару.

-- Да жніва ў гаспадарцы рыхтаваліся вельмі сур’зна, -- расказала намеснік дырэктара таварыства па эканоміцы і ідэалагічнай рабоце Алена Макрыцкая. -- Гэта тычыцца і сацыяльнай сферы. Так, напярэдадні ўборачнай былі значна падняты расцэнкі для ўсіх удзельнікаў кампаніі. Распрацаваны ўмовы прафесійнага спаборніцтва. Інфармацыя пра намалочаны і перавезены ўраджай штодня даводзіцца да хлебаробаў. Гаспадарка кампенсуе ім палову ад кошту абедаў. Па выніках кампаніі яе ўдзельнікі традыцыйна будуць заахвочаны.

На годным узроўні і матэрыяльная база. Машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца. Сёлета паступілі чатыры новыя збожжаўборачныя камбайны «Гомсельмаш». Эфектыўна працуе інжынерная служба.

-- Работнікі гаспадаркі робяць усё, каб атрымаць важкі каравай, -- зазначыў дырэктар ААТ «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч. -- Усе тэхналогіі выконваюцца, аптымальныя тэрміны захоўваюцца, людзі працуюць з максімальнай аддачай. Да капрызаў надвор’я мы былі гатовы. Разлічваем, што ўраджайнасць і валавы збор сёлета будуць не меншыя, чым летась. Пачатак жніва ўпэўнівае ў гэтым.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.