Новости Молодечно и Молодечненского района

Формула шчасця Леаніда Жыткевіча

  • 2025-02-28 07:29:00
  • Олег Беганский

Леаніда ЖЫТКЕВІЧА ў яго роднай вёсцы Навасёлкі 1 ведаюць усе. Чалавек гэты аптымістычны, мае рознабаковыя інтарэсы, карыстаецца сярод аднавяскоўцаў вялікай павагай. Сярод яго хобі – стварэнне пейзажных работ.

– Карціны пачаў пісаць у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, – гаворыць Леанід Станіслававіч. – Авалодаў тэхнікай алейнага жывапісу. Яна даволі складаная. Вучыўся па спецыяльнай літаратуры. Першыя карціны і цяпер захоўваюцца ў маім хатнім музеі. Мяне заўсёды натхняла прырода. Наваколлі нашых Навасёлак вельмі прыгожыя. Імкнуся захаваць іх на палатне.

У доме вяскоўца ганаровае месца займаюць і фатаграфіі. На іх сваякі і блізкія субяседніка. Па фота можна прасачыць гісторыю сям’і ў некалькіх пакаленнях. Бачна, што радавод мужчыну па-сапраўднаму цікавіць.

– Прадзед мой быў валасным старастам у Ракаўскай воласці, – адзначыў Леанід Жыткевіч. – Па архівах даведаўся, што мае продкі па лініі абодвух бацькоў паходзілі са шляхецкіх родаў, мелі свае гербы. Раю ўсім цікавіцца краязнаўствам, даведвацца як мага больш пра родны край, яго асаблівасці і гісторыю.

Леанід Станіслававіч разам з жонкай Глафірай Супронаўнай выгадавалі дзвюх дачок. Дочкі і ўнучкі з сем’ямі рэгулярна прыязджаюць у госці, дапамагаюць. Дарэчы, сямейны стаж субяседніка складае амаль 55 гадоў. Пазнаёміліся будучыя муж і жонка яшчэ ў школе. Вяселле згулялі пасля таго, як Леанід адслужыў у арміі.

Сакрэт шчаслівага жыцця субяседнік бачыць у тым, каб разам заўсёды быў каханы чалавек, каб у дзяцей і ўнукаў усё было добра, каб была магчымасць займацца любімай справай. Яшчэ дапамагаюць вера ў Бога, павага да людзей, імкненне заўсёды рабіць дабро.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ