-- Белыя буслы, як правіла, гняздуюцца паблізу чалавечага жылля, - гаворыць эколаг. – Прычым, выкарыстоўваюць свой «дом» некалькі гадоў, кожны сезон «дастройваючы» яго. Так, па дадзеных арнітолагаў, у сярэднім за год гняздо бусла станавіцца цяжэй на 64 кілаграмы. Гняздо вышынёй 0,5 метра важыць каля 300 кілаграмаў, вышынёй метр – да 700. Калі гняздо пабудаванае на ЛЭП, такая нагрузка прыводзіць да абрыву правадоў.
Субяседнік падкрэсліў, што «Белэнерга» ўзяла на сябе распрацоўку канструктарскай дакументацыі на размяшчэнне платформаў для гнездавання буйных птушак. Пасля апрабацыі новаўвядзенне можа ўвайсці ў практыку. Гэта дазволіць знізіць вастрыню пытання. Аднак і насельніцтва ў стане ўнесці свой ўклад у захаванне папуляцыі буслоў .
- Людзі могуць прывабіць белых буслоў у бяспечныя месцы. Для гэтага трэба адрадзіць практыку, калі на прыватных падворках ставіліся слупы, або спецыяльныя апорныя канструкцыі ўстанаўліваліся на дрэвах. Падрабязныя інструкцыі па вырабе штучных гнёздаў для птушак распрацавалі работнікі навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. Адпаведныя матэрыялы размешчаны на сайце Міністэрства прыроды ў раздзеле «Метадалагічныя рэкамендацыі», - паведаміў Сяргей Танана.
Алег БЯГАНСКІ.