Яго вынікі друкаваліся ў нашай газеце ў нумары за 7 кастрычніка. Нядаўна ў Лебедзеўскім сельскім выканаўчым камітэце адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых гаспадароў з Лебедзеўскага, Маркаўскага, Палачанскага сельсаветаў.
Старшыня савета раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Шафаловіч, якая ўзначаліла журы конкурсу, падзякавала людзям залатога ўзросту за актыўны ўдзел, руплівасць і творчы падыход, неабыякавасць і аптымізм. Усяго ў фота- і відэаматэрыялах было прадстаўлена 18 сядзіб. Раённая арганізацыя ветэранаў падводзіла вынікі разам з раённым Саветам дэпутатаў, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, пры падтрымцы якіх праводзіўся конкурс.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Яцухна ўручылі пераможцам Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі за тры першыя месцы, падарункі пераможцам у намінацыях, а таксама актыўным удзельнікам.
Прысутныя віталі Тамару Алісейка з аграгарадка Лебедзева, якая заняла першае месца і прадстаўляе наш раён у аналагічным абласным конкурсе. Супрацоўнікі Лебедзеўскага сельвыканкама стварылі цудоўны відэафільм пра сядзібу Тамары і Сяргея Алісейка. Яго па-майстэрску агучыла старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч, а Віктар Сыракваш з Заскавіч прысвяціў гаспадарам прыгожы верш.
За другое месца быў узнагароджаны Мікалай Маскалевіч з вёскі Зоранька Палачанскага сельсавета. На ўрачыстасць ён прыехаў разам з жонкай Глафірай. Пра гэту дружную і руплівую сям’ю, пра іх прыгожую сядзібу мы расказвалі ў нашай газеце.
Акрамя таго, павіншавалі і актыўных удзельнікаў конкурсу Валерыя Яблонскага з Маркава, Зінаіду Акульскую з Палачан, Таццяну Голуб, Марыю Зяновіч з аграгарадка Лебедзева.
Тамара Дудзіч падзякавала землякам за актыўную жыццёвую пазіцыю, выказала ўдзячнасць старшыні мясцовай пярвічнай ветэранскай арганізацыі Валяр’яну Грачыху, які дапамагаў у падрыхтоўцы да конкурсу.
— Спадзяёмся, што сваю любоў да роднага куточка, свой творчы падыход да добраўпарадкавання сядзібы і шматгадовы вопыт вы зможаце перадаць дзецям і ўнукам, каб добрыя традыцыі нашага краю мелі працяг, — гаварылі на развітанне арганізатары конкурсу.
У гэты ж дзень яны наведалі з віншаваннямі жыхарку вёскі Краснае Любоў Сірыська, якая заняла трэцяе месца, адну з самых старэйшых удзельніц конкурсу Лідзію Шчыгельскую з Насілава, перадалі падарункі іншым ветэранам. У бліжэйшыя дні яны павіншуюць пераможцаў з іншых населеных пунктаў раёна.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.