Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзякуй, што вы з намі!

  • 2024-04-07 12:00:10
  • Людмила НЕХВЯДОВИЧ

Паважаныя чытачы «Маладзечанскай газеты»! Ці ведалі вы, што ў рэдакцыі працуюць не проста журналісты, а па сумяшчальніцтве яшчэ і дактары?

Аказваецца, усяго шэсць хвілін чытання газеты або кнігі ў дзень запаволяць сардэчны рытм і зменшаць мышачнае напружанне.

Давайце правядзём разлікі. «МГ» выходзіць па серадах і суботах. Гэта ў суме 32 паласы, на якіх вы можаце даведацца пра афіцыйныя навіны краіны і падзеі нашага раёна. Разам з нашымі журналістамі ў вас ёсць магчымасць бываць на ўзнагароджаннях і святах, сеяць ураджай, а потым ганарыцца дажыначным караваем.
Новая рубрыка «Кропка на карце раёна» можа стаць маршрутам для сямейнага падарожжа, а «Інтэрв’ю з нашым чалавекам» знаёміць з самабытнымі жыхарамі.

«МГ» не займае шмат месца – яе зручна ўзяць на дачу ці ў дарогу. Падрыхтаваныя крыжаванкі дапамогуць з карысцю для мозга бавіць вольны час, а правераныя гаспадынямі рэдакцыі рэцэпты разнастаяць меню.
Вам патрэбны парады псіхолага? Калі ласка! Журналісты супрацоўнічаюць з псіхолагамі раёна, якія дапамогуць зрабіць правільны выбар, паверыць у свае сілы, палюбіць сябе і свет. Таксама звяртаецца «МГ» да духоўных тэм. На мой погляд, гэтага часам вельмі не хапае мітусліваму свету.

Разам з намі вы можаце падарожнічаць па раёне, даведвацца пра гісторыю храмаў і касцёлаў, старажытных камянёў і вадаспадаў. Пад «пяром» уважлівых журналістаў ажывае ўсё, што акружае нас. І яшчэ раз даказвае, які цудоўны навакольны свет.

Рабіць газету яскравай, падбіраючы лепшыя ракурсы для фота і дакладна перадаючы эмоцыі галоўных герояў, лепш за ўсіх умее наш вядучы фотарэдактар. Бачыць прыгожае ў кропельцы расы і ўсмешцы дзіцяці – гэта цалкам пра яго. Бо ён майстар сваёй справы.

Ёсць у рэдакцыі байцы нябачнага фронту, якія вярстаюць матэрыялы, размяшчаюць актуальныя навіны ў сацыяльных сетках, прымаюць і апрацоўваюць аб’явы і віншаванні, забіраюць свежы выпуск газеты з друкарні і адвозяць на пошту і па месцах продажу, прадумваючы маршрут так, каб суботні выпуск газеты вы маглі купіць у пятніцу, вяртаючыся з работы. Увогуле, безуважных і абыякавых у калектыве няма!

І ўсе мы працуем над тым, каб газета была цікавай, а наша сяброўства з вамі і, як аказалася, умацаванне вашага здароўя, не спыняліся. Дзякую кожнаму чытачу, які прадоўжыў падпіску на «раёнку», вельмі рада новым чытачам, якія далучыліся толькі цяпер. Памятаеце песню Юліі Быкавай «Любимую не отдают»? «Маладзечанская газета» – гэта часцінка нашай краіны, гісторыі і яе перамог. Не аддавайце яе і не здраджвайце ёй, калі ласка!

Людміла НЕХВЯДОВІЧ