Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзяцей вучаць маляваць спорт

  • 2024-02-21 04:40:30
  • Ірына Рабушка

Правяла майстар-клас кіраўнік народнай студыі выяўленчага мастацтва Аліна Дубаневіч. Заняткі праводзіліся ў Красненскай СШ.

– Яны сталі добрай нагодай для таго, каб яшчэ раз нагадаць дзецям пра карысць фізічнай культуры, спорту, – гаворыць Аліна Францаўна. – Да таго ж гэта выдатная магчымасць пагартаць старонкі спартыўнай гісторыі, алімпійскага руху. Як вядома, 7 лютага чарговая гадавіна цырымоніі адкрыцця XXII Алімпійскіх зімніх гульняў, што былі ў 2014 годзе ў Сочы. У Расіі і Беларусі шмат агульнага, у тым ліку ў спорце.

Школьнікі з непадробнай цікавасцю вучыліся маляваць зімовыя спартыўныя сюжэты. Свае «палотны» яны стваралі пры дапамозе каляровых алоўкаў і фламастараў.

Аліна Дубаневіч развівае мастацкія навыкі ў дзяцей на працягу 25 гадоў. Спартыўная тэматыка адна з яе любімых. Асабліва ёй падабаецца маляваць фігурыстаў і гімнастаў.

– Мае вучаніцы таксама з задавальненнем ствараюць вобразы, звязаныя з фігурным катаннем, – працягвае педагог. – Хлопцы часцей малююць хакеістаў, бо самі часта гуляюць у хакей. Па душы ім і лыжны спорт. Калі дазваляе надвор’е, яны з радасцю катаюцца на лыжах, у тым ліку на ўроках фізкультуры і здароўя.

Малявалі вучні і біятланістаў, канькабежцаў, прадстаўнікоў саннага спорту, бабслея.

Аліна Францаўна падкрэсліла, што ўжо на працягу доўгіх гадоў сельскі Дом культуры супрацоўнічае з мясцовай школай, ладзіць сумесныя мерапрыемствы. Навучэнцы ахвотна наведваюць і народную студыю выяўленчага мастацтва. Цяпер там 40 выхаванцаў ад 6 да 16 гадоў. Сюды запрашаюць усіх дзяцей, якія хочуць навучыцца маляваць і адкрыць для сябе свет мастацтва.

Ірына РАБУШКА
Фота: архіў Аліны ДУБАНЕВІЧ