Дзяржаўную ўзнагароду атрымалі маладзечанкі Кацярына Голубева, Наталія Гурэцкая, Ірына Монід, Людміла Шаўлюк, Святлана Шыла, а таксама Марына Валынец з Заскавіч, Паліна Корабава з Хажова, Ірына Ляшчынская з Цюрлёў, Наталля Маліноўская з Вытрапаўшчыны.
Найбольшая колькасць дзяцей – па васьмёра – у сем’ях Наталіі і Віталія Гурэцкіх, Наталлі і Аляксея Маліноўскіх.
Як паведаміў дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзмітрый Ганчар, на кантролі ў гэтай установе 1610 мнагадзетных сем’яў раёна, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей. У апошнія гады маладзечанцы ўсё часцей ствараюць вялікія сем’і. Тым, хто трапляе ў складаную жыццёвую сітуацыю, спецыялісты цэнтра заўсёды прыходзяць на дапамогу.
***
Уражаннямі пра святочную падзею падзялілася з намі Наталля Маліноўская -- мама траіх сыноў і пяці дачок. Старэйшай Алене – 27 гадоў, малодшаму Аляксею – 12. Да таго ж Наталля ўжо двойчы бабуля.
-- Спецыяльна для цырымоніі ўзнагароджання купіла сабе новую сінюю сукенку, -- расказвае яна. – Вельмі хвалявалася перад мерапрыемствам, прачнулася ў чатыры гадзіны раніцы і прыбралася задоўга да яго пачатку. Ордэн Маці для мяне і своеасаблівы падарунак да асабістага юбілею – хутка буду адзначаць 50-годдзе.
Наталля сама з мнагадзетнай сям’і з Мядзельшчыны. У свой час прыехала ў Маладзечна вучыцца на мантажніцу радыёапаратуры. Неўзабаве сустрэла тут будучага мужа Аляксея. Наталля не планавала станавіцца мнагадзетнай маці, але кожнае дзіця для бацькоў -- жаданы падарунак.
Цяпер сям’я жыве ў доме, што застаўся ад бацькоў Аляксея. Наталля працуе прыбіральшчыцай у адной з маладзечанскіх арганізацый, муж – вулканізатаршчык у філіяле «Аўтобусны парк №4». Разам яны дзеляць радасці і няўдачы, радуюцца дзецям і ўнукам, вучаць іх берагчы адзін аднаго.