З самай раніцы ў аддзяленні паштовай сувязі аграгарадка Беразінскае было мнагалюдна. Кожны прыйшоў па сваёй справе – аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць пенсію, аформіць падпіску на перыядычныя выданні. У чаканні сваёй чаргі беразінцы ціхенька, каб не перашкаджаць работнікам пошты, размаўлялі. Але як толькі на парозе заўважылі рэдакцыйны «дэсант», усе раптам ажывіліся.
— Вось і нашы даўнія сябры! Праходзьце, калі ласка. Мы вас чакаем, — ветліва сустрэла нас паштальён Наталля Гембіцкая.
Яна сядзела за сталом у акружэнні землякоў і афармляла падпіску на газеты і часопісы. Мы размясціліся за суседнім сталом, прыгатавалі сувеніры для падпісчыкаў «МГ» і назіралі за работай Наталлі Сяргееўны. Кожнага яна ўважліва выслухоўвала, давала інфармацыю па друкаваных выданнях, адказвала на пытанні, а потым запаўняла квітанцыю. Паспявала і нам расказваць аб ходзе падпісной кампаніі:
— Людзі па-ранейшаму чытаюць, імкнуцца быць у курсе як раённых навін, так і падзей рэспубліканскага маштабу, — адзначае Наталля Сяргееўна. — Асноўная частка нашых самых актыўных чытачоў ужо аформіла падпіску. На «Маладзечанскую газету», як звычайна, попыт самы вялікі.
Прыемна было зноў убачыць сярод падпісчыкаў Галіну Шаўчэнка. Яна родам з Маладзечна, але ў 1963 годзе прыехала ў Беразінскае і засталася тут назаўсёды. Увесь час Галіна Аляксандраўна працавала ў мясцовым прафесійным каледжы. Пачынала выхавальніцай, а на пенсію ішла ўжо ў якасці намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.
З задавальненнем уручылі мы падарункі і Зінаідзе Мех, якая шмат гадоў адпрацавала медыцынскай сястрой у мясцовай бальніцы і ніколі не расставалася з нашым выданнем.
— Чытаю таксама іншыя газеты, — прызнаецца Зінаіда Феліксаўна. — Нават не ўяўляю без гэтага свайго жыцця. Не разумею, чаму іншыя, асабліва моладзь, сталі менш цікавіцца прэсай.
Сустрэліся мы заўчора і з былым прадаўцом мясцовага магазіна Тамарай Міхалевіч, настаўніцай французскай мовы, а цяпер пенсіянеркай Клаўдзіяй Сямёнавай, іншымі нашымі пастаяннымі падпісчыкамі. Усе яны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод жыхароў Беразінскага. І нам, работнікам рэдакцыі, прыемна, што гэтыя людзі — нашы добрыя сябры.
… Час праляцеў хутка, трэба было вяртацца ў рэдакцыю. На душы было лёгка і радасна ад цёплых віншаванняў з надыходзячымі святамі і добрых пажаданняў. Адно засмучала: ці паспеюць сантэхнікі за выхадныя выправіць свае памылкі, якія яны дапусцілі ў час рамонту сістэмы ацяплення паштовага аддзялення. Слупок тэрмометра ў той дзень падняўся ў памяшканні толькі да 12 градусаў. А што будзе, калі прыціснуць сапраўдныя маразы?
І яшчэ адна праблема існуе тут. Магчыма, аб ёй і не варта было б нагадваць напярэдадні свят, але і замоўчваць нельга. Тым больш размова ідзе аб мінімальных патрабаваннях да ўмоў працы беразінскіх паштавікоў. Справа ў тым, што ў будынку да гэтага часу няма прыбіральні. Праўда, побач размяшчаецца адміністрацыйны будынак мясцовага прадпрыемства «Беразінскае», дзе ўсё прадугледжана для камфортнай работы персаналу. Пакуль гэта і выручае паштавікоў.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.