Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

  • 2024-09-25 08:07:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Малады спецыяліст Раман ГАНЧАРОЎ працуе ў СУП «Хажоваагра-2009» усяго некалькі месяцаў. Аднак гэтага часу хапіла, каб паказаць сябе з найлепшага боку.

– Здзіўляцца тут няма чаму, – гаворыць Раман Міхайлавіч. – Нарадзіўся і вырас я ў вёсцы Бяртошкі. Жыву там з бацькамі. Тата Міхаіл Аляксандравіч і маці Алена Яўгеньеўна працуюць на жывёлагадоўчай ферме ля вёскі Слабодкі. Пасля заканчэння школы паступіў у Вілейскі дзяржаўны каледж па спецыяльнасці трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці. Спецыяльнасць выбраў сам. Тэхніка мне вельмі падабаецца.

Субяседнік паведаміў, што ў калектыве яго прынялі прыязна. І гэта не дзіўна, бо практычна ўсе цяперашнія калегі былі ўжо знаёмыя. Асвоіць трактар «Беларус» таксама не склала цяжкасцей. За час работы давялося стаць удзельнікам палявых работ. Цяпер малады спецыяліст абслугоўвае жывёлагадоўчыя фермы.

– У гаспадарцы яшчэ больш упэўніўся, што жыццёвы шлях выбраў правільна, – падкрэсліў Раман. – Заробак добры, сацыяльны пакет ёмісты. Вырошчваць хлеб і іншую сельскагаспадарчую прадукцыю абавязкова трэба. Без яе ніяк. Ды і сама праца мне падабаецца. Яна высакародная, не сумная.
Малады спецыяліст любіць спорт, захапляецца валейболам. Залу для камандных спаборніцтваў прадстаўляе мясцовая школа. Увогуле, жыццё на вёсцы, на думку Рамана, дынамічнае, насычанае падзеямі. Такі расклад маладому чалавеку па душы.

У тэму. СУП «Хажоваагра-2009» стварае для маладых спецыялістаў усе ўмовы, каб тыя стала замацаваліся ў гаспадарцы. Так, выпускнікам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прадугледжаны «пад’ёмныя» ў памеры 10 базавых велічынь. Калі маладога чалавека прызываюць у армію, ён таксама атрымлівае 10 «базавых». Прычым рабочае месца пасля службы яму гарантавана.

Не пакрыўджана моладзь і пры налічэнні заработнай платы. Для маладых спецыялістаў прымяняецца спецыяльны тарыфны каэфіцыент. Што тычыцца жылля, і тут гаспадарка ідзе насустрач моладзі, штомесяц выплачвае тры «базавыя» за яго арэнду. Дарэчы, маладых работнікаў чакаюць у Хажове дзве трохпакаёвыя кватэры з усімі выгодамі. Чым не аргумент выбраць сельскую гаспадарку!

Алег БЯГАНСКІ