Малады спецыяліст працуе ў гаспадарцы амаль год. Да гэтага праходзіў у Дубраве вытворчую практыку. Сельгаспрадпрыемства для размеркавання пасля заканчэння аграрнага каледжа пры Віцебскай ветэрынарнай акадэміі Вадзім выбраў сам.
— Усё маё жыццё звязана з вёскай, — гаворыць субяседнік. – Нарадзіўся і вучыўся на Пастаўшчыне. Закончыў сярэднюю школу ў Камаях. Спачатку хацеў працаваць у будаўнічай галіне. Аднак хутка зразумеў, што менавіта ветэрынарыя — гэта маё.
Як адзначыў Вадзім Баравецкі, на вытворчасці яму найперш трэба было наладзіць узаемаадносіны з іншымі спецыялістамі, калектывамі аб’ектаў жывёлагадоўлі. Усяго ў гаспадарцы іх чатыры, і кожны мае сваю спецыфіку.
Зразумела, стаяла задача на высокім узроўні арганізаваць ветэрынарныя мерапрыемствы. Яшчэ ў штодзённай дзейнасці трэба сачыць за чысцінёй і парадкам на фермах, кантраляваць утрыманне маладняку і дойнага статка. Усё гэта ў маладога спецыяліста атрымліваецца. Яго дэвіз: «Ставіцца да любой справы адказна. Выконваць работу як для сябе». У выніку ў гаспадарцы павялічылася вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі.
— Для любога маладога спецыяліста адным з галоўных з’яўляецца жыллёвае пытанне, — працягвае Вадзім. — Для мяне яно вырашана самым спрыяльным чынам. Гаспадарка выдзеліла мне кватэру ў Аляхновічах. На работу ёсць магчымасць прыязджаць на службовым транспарце.
Працуючы ў гаспадарцы, субяседнік не забыўся пра свае захапленні. Трэба адзначыць, што чалавек ён рознабаковы, любіць музыку, іграе на гітары, фартэпіяна. У касцёле ў Камаях асвоіў ігру на аргане. У Дубраве яму падабаецца. Тут ёсць магчымасць развівацца, жыць паўнавартасным жыццём.
— Сельская праца нялёгкая. Аднак наладзіць сучасны побыт і рэалізаваць сябе можна і на вёсцы. Моладзі гэта варта мець на ўвазе, — сказаў на развітанне Вадзім Баравецкі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.