Бровар у вёсцы Дубрава з’яўляецца адной са славутасцей гэтага населенага пункта. Падрабязна расказаць пра аб’ект могуць мясцовыя жыхары.
З Анатоліем Войнічам мы сустрэліся, калі мужчына ўбіраў тэрыторыю вакол бровара. Гэта зацікавіла, бо вытворчасць тут спыненая. Пры гэтым парадак ля пабудоў падтрымліваецца. Субяседнік паведаміў, што у 80-я гады мінулага стагоддзя ён працаваў на бровары зваршчыкам.
– Тады ў Дубраве выпускалі спірт-сырэц мацунку 92 градусы, – расказаў мясцовы жыхар. – Прадукцыя адпраўлялася ў Ленінград, іншыя гарады былога СССР. У якасці сыравіны прымяняліся бульба і збожжавыя культуры (кукуруза, сорга). Абслугоўвала вытворчасць кацельня. Там быў устаноўлены кацёл, выраблены ў 1908 годзе ў Германіі.
Як расказаў Анатолій Войніч, на першым паверсе стаяла спіртавая калона, лічыльнік-спірометр, іншае абсталяванне. Некаторыя памяшканні былі адведзены пад дражджавы цэх, «заварнікі», лабараторыю і іншыя. Гатовая прадукцыя па спіртаправодзе паступіла на склад, які знаходзіўся па іншы бок ад дарогі.
– Работу бровара давялося аднаўляць пасля Вялікай Айчыннай вайны, – зазначыў мясцовы жыхар. – Раней на ім працавала некалькі дзясяткаў чалавек. Дзякуючы метровым каменным сценам у памяшканнях падтрымліваецца стабільны мікраклімат. Увогуле, аб’ект даволі цікавы для турыстаў.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ