У рэдакцыю паступіў тэлефонны званок ад жыхаркі Беразінскага.
– Тэлефаную з добрай нагоды! – у трубцы пачуўся бадзёры і адначасова ўсхваляваны жаночы голас. – У нашым парку зноў чыста і ўтульна! Гэта месца адпачынку было заўсёды ўзорным, але з мінулай восені і за зіму тут сабралася шмат смецця. Дзякуй Генадзію Гаўрыцу: арганізаваў навядзенне парадку і прыняў удзел у добраўпарадкаванні! На працягу двух дзён Генадзій Баляслававіч, яго радня і некалькі жыхароў аграгарадка рупліва шчыравалі. І час знайшлі, хаця ў іх і сваёй работы вышэй галавы! Цяпер ізноў на парк люба-дорага глядзець! Перадайце, калі ласка, праз газету Генадзію Гаўрыцу і яго памочнікам ад нас, людзей старэйшага пакалення, шчырую ўдзячнасць і пажаданне моцнага здароўя!
Жыхарка аграгарадка Алена Краснашчок (тэлефанавала менавіта яна) дадала, што Генадзій Баляслававіч з сям’ёй жыве ў Мінску. У Беразінскае прыязджае на дачу – тут застаўся дом яго бацькоў.
– Добразычлівымі людзьмі яны былі, сціплымі, працавітымі. Цяпер гэтыя якасці бачу ў іх сыне, – шчыра дзеліцца субяседніца. І працягвае: – Спадзяюся, дружнай талакой прадоўжым добраўпарадкаванне. І не «па графіку», а як наш зямляк – па клічы сэрца.
Таццяна КНЯЗЕВА.