Нядаўна госцем нашай рэдакцыі стаў брат Андрэй ЖЫЛЕВІЧ – старшыня парафіяльнага савета парафіі святога Казіміра горада Маладзечна. З ім мы гаварылі пра дабрачынныя справы і гуманітарныя праекты.
28 мая 2023 года, у дзень Спаслання Духа Святога, у каталіцкай парафіі святога Казіміра была адкрыта і асвечана дзіцячая гульнявая пляцоўка. Праект ажыццёўлены пры супрацоўніцтве з Пасольствам Славакіі. Ва ўрачыстым адкрыцці прыняў удзел трэці сакратар Пасольства Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Тамашак. Гульнявая пляцоўка запатрабаваная. На ёй арэлі, горка і многае іншае для актыўнага адпачынку. Яе могуць наведваць усе жадаючыя з 9.00 да 21.00.
Другі праект ажыццяўляецца пры дапамозе Рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэта дапамога насеннем, агароднінай, саджанцамі пладовых культур, а таксама свойскай птушкай.
– Наша парафія ўяўляе сабой адну вялікую хрысціянскую сям’ю, якая аб’ядноўвае людзей розных прафесій, сацыяльнага статусу. Яны прыходзяць у касцёл не толькі каб маліцца, выхоўваць сваіх дзяцей у каталіцкай веры і жыць па Божых запаведзях, але і несці дабро ў грамадства. Нашы праекты – ініцыятывы душпастыраў, братоў капуцынаў і людзей добрай волі, накіраваныя на тое, каб стварыць у парафіі адчуванне сям’і, – гаворыць брат Андрэй.
Створана вялікая колькасць пастарскіх груп па такіх тэматычных напрамках, як каштоўнасць сям’і, пазнаванне Бібліі, паглыбленне веры, выхаванне дзяцей і моладзі, а таксама дарослы і дзіцячы харавыя калектывы, тэатральныя групы.
З 2022 года дзейнічае парафіяльны Карытас. Гэта супольнасць людзей, якія прыкладаюць вялікія намаганні для дапамогі блізкім. Валанцёры наведваюць Маладзечанскі сацыяльны пансіянат «Цёплы дом», ладзяць разнастайныя мерапрыемствы да рэлігійных свят і не толькі. Пры касцёле дзейнічае пункт узаемнай дапамогі. Па чацвяргах з 17.00 да 19.00 там можна ўзяць ці пакінуць адзенне і абутак для ўсёй сям’і. Людзі прыносяць рэчы ў добрым стане. Валанцёры іх сартуюць і раздаюць.
У ліку парафіян прадстаўнікі розных прафесій і аматарскіх захапленняў. Валанцёры Карытас стварылі праект «Век жыві – век вучыся». Усе жадаючыя па некалькі разоў на тыдзень могуць прыходзіць на майстар-класы, прысвечаныя розным тэмам. Яны развіваюць свае творчыя здольнасці, займаюцца дабрачыннымі справамі. Вялікую цікаваць выклікаюць заняткі «Вандруем па святынях» Маладзечанскага раёна.
У час Адвенту парафіяне па ініцыятыве валанцёраў у межах дабрачыннай акцыі «Адкрый сваё сэрца» рыхтуюць падарункі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця і разам з прадстаўнікамі і наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання Маладзечанскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўручаюць іх сем’ям. «Сустрэчы з сябрамі на колах» уяўляюць сабой культурныя мерапрыемствы: наведванне тэатраў, канцэртаў, правядзенне экскурсій.
– Гэта толькі частка жыцця нашай парафіяльнай сям’і, – адзначае брат Андрэй. – Хачу пажадаць усім хрысціянам, католікам і праваслаўным у час велікапоснай падрыхтоўкі да Вялікадня, які сёлета прыпадае на адзін і той жа час, імкнення да святасці. Варта памнажаць дабро, любіць, дараваць і рабіць свет лепшым.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР