Яна равесніца нашага раёна: 80-годдзе Маладзечаншчыны мы адзначалі 15 студзеня, а 19 студзеня Марыя Баляславаўна святкавала ўласны юбілей.
Масква. Крэмль. Беларусы -- у першым радзе
-- Хіба магла я, простая вясковая дзяўчына, уявіць, што з 1974-га па 1979 год разам з іншымі беларускімі дэпутатамі буду сядзець у першым радзе Крамлёўскага Палаца з’ездаў, слухаць Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева і іншых кіраўнікоў урада, прымаць новую Канстытуцыю СССР? -- гаворыць Марыя Баляславаўна, перагортваючы свой багаты архіў.
Успамінае, як ганарова было звацца дэпутатам усесаюзнага значэння. Праезд да Масквы быў бясплатным, сялілі ў лепшыя гасцініцы сталіцы «Расія», «Масква». Можна было браць з сабой дзяцей, для іх таксама прадугледжвалася месца. Дзейнічаў спецыяльны магазін, дзе дэпутаты маглі купіць дабротнае адзенне, каб выглядаць як мае быць. Марыя Баляславаўна ўспамінае, што ўмудралася і сяброўкам прывозіць модныя крымпленавыя сукенкі. А ў пасылках адпраўляла дадому кнігі, на іх быў вялікі попыт. Вольнага ад пасяджэнняў часу было няшмат, але яго праводзілі з карысцю -- экскурсіі па сталіцы, тэатры, канцэрты. Пабывала ў Зорным гарадку, нават прымерала экіпіроўку касманаўта-земляка Пятра Клімука…
Успамінае, як у час адной з сесій да дэпутатаў завітаў лідар кубінскай рэвалюцыі Фідэль Кастра. Высокі, барадаты, ён ішоў праз залу, а памочнік нёс за ім кінжал і папку. На адным з пасяджэнняў кубінскі лідар задрамаў. «Толькі тут, у Савецкім Саюзе, ён і можа расслабіцца, бо на Кубе неспакойна», -- зазначыў нехта з дэпутатаў…
Пазней, калі ў 1986 годзе была дэлегатам XXVII з’езда КПСС, вельмі блізка бачыла Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Перад святочным канцэртам ён прайшоў праз усю залу, спыняўся ля дэлегатаў, размаўляў, задаваў пытанні.
-- Міхаіл Сяргеевіч -- прыгожы, абаяльны, з прыемнай усмешкай, выдатным пачуццём гумару, -- успамінае мая субяседніца.
У 70-80 гады мінулага стагоддзя карэспандэнты ў доме Бажко не пераводзіліся, і кожны лічыў за гонар напісаць пра перадавога брыгадзіра паляводчай брыгады, пазней начальніка ўчастка – Марыя Баляславаўна праславілася на ўвесь Савецкі Саюз.
-- Маскоўская журналістка Серафіма Лапцева з часопіса «Работница» два тыдні ў мяне гасціла, -- успамінае мая субяседніца. -- Мы тады яшчэ ў старой хаце жылі – цеснай, халоднай. К шасці раніцы Серафіма ішла са мной на калгасную планёрку, цэлы дзень на полі праводзіла… Я спачатку хвалявалася, як сталічную госцю прымаць, але яна цудоўным чалавекам аказалася. Пры расставанні абедзве плакалі. Калі была ў Маскве, я да яе ў госці ездзіла. Вось, бачыце, зберагла яе нарыс «Иван да Марья»… На здымку мы з мужам такія маладыя! Дзесяць гадоў як няма майго Івана, які быў маёй надзейнай апорай. Працаваў у нашым калгасе трактарыстам. Я ў Мар’інагорскі сельгастэхнікум завочна паступіла на агранома вучыцца, калі старэйшаму сыну Івану пяць гадоў было. На мужа яго пакідала. Мой чырвоны дыплом – напалову яго заслуга. Малодшаму сыну Сашу ўсяго чатыры месяцы споўнілася, як паехала на першую сесію Вярхоўнага Савета… Была ўпэўнена, што дома ўсё будзе ў парадку.
Масква. Крэмль. Марыя Бажко (крайняя злева) сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР.
Пройдзе час, і Масква стане родным горадам для яе старэйшага сына Івана, маёра юстыцыі, які шмат гадоў аддаў пракурорскай рабоце.
Праз лес – з факелам
Чым больш мы размаўлялі з Марыяй Баляславаўна, тым больш я пераконвалася, што ўсё ў яе жыцці было невыпадкова. Яе баявы характар загартоўваўся з маленства. З 14 гадоў дапамагала маці ў калгасе, нараўне з дарослымі жанчынамі рвала лён, раскладала яго на жнівеньскія росы. Успамінае, як ў старэйшых класах Лебедзеўскай школы прыходзілася адной вяртацца з другой змены за пяць кіламетраў у сваю родную вёску Вялікае Сяло. Урокі заканчваліся ў палове восьмай. Дарога вяла праз лес, у якім вадзіліся ваўкі. Накручвала на доўгую палку кудзелю, абмочвала яе ў газу, у лесе падпальвала -- з факелам было не так страшна…
Любіла нямецкую мову: строгі Леанід Радзішэўскі ставіў ёй адны пяцёркі. Марыла стаць настаўніцай замежнай мовы, але не хапіла рашучасці самой пасля заканчэння школы падацца ў сталіцу. Пайшла, як і большасць равеснікаў, у калгас «50-годдзе Кастрычніка», была звеннявой па вырошчванні кукурузы – каралевы палёў канца 1950-х. У брыгадзе – чалавек 20 моладзі, усе аднавяскоўцы.
-- Каб рады былі роўныя, нацягвалі з аднаго канца поля да другога дрот, капалі лункі, садзілі кукурузу, прытоптвалі пяткай, -- успамінае Марыя Баляславаўна. -- Усё ўручную, якая тады тэхніка была... Затое энтузіязму, задору – мора. Мы з Нінай Станевіч, звеннявой з Кабылак (цяпер Зоранька), спаборнічалі. І сёння з ёй сябруем… На камсамольскія сходы на грузавой машыне ў Палачаны ездзілі, песні спявалі пад гармонік Івана Собаля. Весела было, але і хвалююча: звеннявым трэба было перад камсамольцамі справаздачу трымаць…
Выхоўвала не крыкам, а рублём
Калі купілі ў Лебедзеве старэнькую хатку і пераехалі з хутара ад бацькоў мужа, Марыя ўладкавалася падлікоўцам у мясцовы саўгас «Маліноўшчынскі». Пасля заканчэння тэхнікума працавала другім аграномам, набіралася вопыту ў галоўных аграномаў Антона Гідлеўскага, Юльяна Ільіча. Неўзабаве старшыня саўгаса Васілій Аксёнаў прапанаваў узначаліць паляводчую брыгаду.
-- Худзенькай, невысокай я была. А ў брыгадзе – 37 мужчын, і ўсе за мяне старэйшыя… На мехдвор прыйшла, яны паглядаюць, маўляў, што гэта дзяўчо тут робіць? Я сабрала сілы ўсе ў кулак, каб не збегчы… На буртах вясной адны працуюць, другія лынды б’юць. Я не стала сварыцца, да сумлення заклікаць. Кожны дзень вяла табель уліку працы, пісала, хто колькі зарабіў. А грошы тады ох як цаніліся! Калі норму выконвалі – за дзень атрымлівалі 2 рублі 34 капейкі. Гультаям па 70 ці 90 капеек налічыла, табель на дзвярах канюшні прычапіла. Абурэння было шмат, я ж коратка сказала: «Як рабілі – так і зарабілі». З таго часу сталі мужчыны падцягвацца, зразумелі, што са мной не паспрачаешся. Былі выпадкі, калі прыходзілася перад старшынёй іх адстойваць. Паступова сталі мне давяраць, пачалі больш старацца. А я імкнулася ў кожным разгледзець крупінку дабрыні. Ведаеце, з часам лічбы, паказчыкі з памяці сцерліся, а людзі помняцца. У Лебедзеве жывуць былыя нашы паляводы ветэран вайны Осіп Піліпавец, Марыя Няхайчык. На жаль, многіх ужо няма.
Марыя са сваёй паляводчай брыгадай.
З цягам часу адстаючая брыгада стала перадавой: ураджайнасць збожжавых з 13 цэнтнераў з гектара вырасла да 23, пазней да 47, не падводзілі і бульба, буракі, іншыя культуры. Не толькі ў раёне, але і вобласці пераймалі вопыт Марыі Бажко. Заслужаная ўзнагарода -- ордэн Знак Пашаны, пазней, у перыяд дэпутацтва, атрымала ордэн Дружбы народаў. Расказвае, як аднойчы малады чалавек прапанаваў купіць у яе ордэны. Марыя Баляславаўна нават не стала пытацца, за колькі. «Гэта ж мая праца, маё жыццё. Я такім не гандлюю!» -- сказала, як адрэзала. А вось у Мінскі абласны краязнаўчы музей перадала нямала дакументаў, грамат, фотаздымкаў. Сярод іх і дэпутацкі мандат, які ёй дадому прывезлі і ўручылі першы сакратар райкама партыі Уладзімір Быкоўскі і старшыня райвыканкама Рыгор Давыдоўскі. Ганарыцца і тым, што рэкамендацыю ў партыю ёй даў другі сакратар райкама, былы рэдактар нашай газеты Вячаслаў Ляшковіч, які з вялікай павагай ставіўся да яе, заўсёды дапамагаў і добрай парадай, і справай.
Згубіць лёгка, ды цяжка знайсці
У прасторным, прыгожым доме па вуліцы Новай Марыя Баляславаўна жыве з сям’ёй малодшага сына Аляксандра, які працуе зубным тэхнікам. У іх вялікая гаспадарка, у свае 80 гадоў жанчына выдойвае дзвюх кароў, гаворыць, што гэты занятак для яе не цяжкі.
Радуюць бабулю поспехі ўнукаў: Таня ўжо дарослая, па спецыяльнасці перакладчык, жыве ў Маскве, Паша – школьнік, Арцёму тры гады.
Марыя Баляславаўна выпісвае і чытае шмат перыёдыкі, прыемна, што дзесяцігоддзямі не прапускае ніводнага нумара нашай газеты. Яна шмат з кім падтрымлівае стасункі, у курсе ўсіх навін – як у раёне, так і ў краіне. Вялікая працаўніца, паважаная і мудрая жанчына, якая шмат дапамагала сваім землякам, удзельнічала ў вырашэнні пытанняў дзяржаўнага значэння, мае поўнае права даць наказ маладому пакаленню:
-- У народзе кажуць: хто не пазнаў гора, не зведае радасці… Наша пакаленне пераадолела нямала цяжкасцей, вельмі шмат працавала, таму цэніць усё, што мы сёння маем. Вельмі хочацца спадзявацца, што сучасная моладзь таксама будзе цаніць тое, што мы зрабілі, чаму прысвяцілі сваё жыццё. Каб пасля не шкадаваць, не плакаць па страчаным, вярнуць якое вельмі цяжка…
Фота: аўтар, архіў Марыі Бажко.