Новости Молодечно и Молодечненского района

Демография Молодечненского района. Сентябрь 2020 г.

  • 2020-10-06 11:57:53
  • Анжаліка Крупянькова

У верасні было зарэгістравана на восем нованароджаных больш, чым летась. З дэмаграфічнымі паказчыкамі за першы месяц восені нас пазнаёміла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Іна АХПОЛАВА.

Нараджэнні

94 малышы (46 хлопчыкаў і 48 дзяўчынак) зарэгістраваныя ў раёне ў верасні. Першае дзіця з’явілася ў 43 сем’ях, другое – у 35, трэцяе – у 14, чацвёртае – у дзвюх. У горадзе нарадзілася 75 дзяцей, у сельскай мясцовасці – 19. Па трое малышоў зарэгістравана ў Красненскім і Аляхновіцкім сельскіх выканаўчых камітэтах, а таксама ў Радашковіцкім гарпасялковым.

Сярэдні ўзрост мам – 28 гадоў, татаў – 31. Самым маладым бацькам 19 і 20 гадоў, самым сталым – 40 і 49 адпаведна.

Большасць бацькоў – грамадзяне Беларусі. Сярод татаў былі грамадзяне Лівіі, Літвы, Арменіі, Расіі, Украіны, Германіі, сярод мам – Арменіі і Расіі.

Самымі папулярнымі імёнамі ў верасні былі Мацвей, Цімафей, Максім, Ксенія, Аляксандра, Аліса, Ганна. У адзіным варыянце зарэгістраваныя Адрыян, Елісей, Міраслаў, Рэнат, Сямён, Эміліян, Эмілія, Арыяна, Ясенія, Караліна, Стэфанія, Эвеліна.

Усяго за дзевяць месяцаў года ў раёне зарэгістравана 914 нованароджаных.

Смерці

Першы месяц восені стаў апошнім у жыцці 178 нашых землякоў. У горадзе пайшлі з жыцця 119 чалавек, у сельскай мясцовасці – 59.

Сярэдні ўзрост памерлых у верасні мужчын склаў 65 гадоў, жанчын – 76. Такія ж паказчыкі і за гэты год.

Усяго з пачатку года ў раёне пайшлі з жыцця 1498 чалавек.


Шлюбы

У верасні ў раёне створана 95 новых сем’яў — на адну больш, чым летась. У горадзе зарэгістравана 67 шлюбаў, у сельскай мясцовасці – 28.

Сярэдні ўзрост нявест – 29 гадоў, жаніхоў – 30. Самым юным маладажонам было па 19 гадоў, самым сталым – 64 і 59 адпаведна. 76 жаніхоў і нявест жаніліся ўпершыню, па 31 – паўторна.

Большасць маладажонаў – грамадзяне Беларусі. Сярод жаніхоў былі грамадзяне Украіны, Германіі, Туркменістана, Расіі, сярод нявест – Украіны, Расіі.

Усяго за дзевяць месяцаў у нашым раёне створаны 604 новыя сям’і.

Разводы

У першым месяцы восені скасавалі шлюб 50 пар. Сярэдні ўзрост жанчын – 34 гады, мужчын – 38. Самым маладым разведзеным – 22 і 24 гады адпаведна, самым пажылым – 50 і 61 год.

Усяго ў раёне з пачатку года распалася 413 сем’яў.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.