Новости Молодечно и Молодечненского района

Демография Молодечненского района. Февраль 2020 г.

  • 2020-03-13 08:31:52
  • Анжаліка Крупянькова

Тых, хто нарадзіўся 29 лютага, называюць шчасліўчыкамі, выбраннікамі лёсу. Сёлета іх кагорта павялічылася: 29 лютага ў нашым раддоме з’явіліся на свет двое нованароджаных – хлопчык і дзяўчынка. Дык няхай ім шанцуе ў жыцці!

Гэтымі і іншымі цікавымі фактамі, якія тычацца дэмаграфіі, падзялілася начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Іна АХПОЛАВА.

Нараджэнні

У лютым зарэгістравана 112 нованароджаных (57 хлопчыкаў і 55 дзяўчынак), што на 15 больш, чым у мінулым годзе.

У 42 сем’ях нарадзілася першае дзіця, у 33 – другое, у 25 – трэцяе, у пяці – чацвёртае, у трох – пятае. У горадзе зарэгістраваныя 84 нараджэнні, сярод сельвыканкамаў найбольш нараджэнняў было ў Красненскім і Лебедзеўскім – па 5, у Радашковіцкім гарпасялковым і Чысцінскім сельвыканкаме – па 4.

Сярэдні ўзрост мам – 28 гадоў, татаў – 31. Самая маладая маці – ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 18 гадоў, чатыры дасягнулі паўналецця. Самым старэйшым жанчынам, якія ў лютым нарадзілі дзяцей, – ад 40 да 45 гадоў, аднаму тату за 50.

Люты хаця і самы кароткі месяц года, ён быў багатым на двайнят. Іх зарэгістравана ажно тры пары. У сем’ях маладзечанцаў Аксаны і Аляксандра Гамолкаў нарадзіліся дачушкі Арына і Ульяна, у Ганны і Сяргея Гаравенкаў – дачка Арына і сын Багдан. Сыны Руслан і Мікіта папоўнілі сям’ю Ганны і Васіля Ляшок з Чысці. Што цікава, восем гадоў таму ў гэтай сям’і таксама нарадзіліся двайняты Юрый і Дзяніс.
Самымі папулярнымі імёнамі лютага былі Ганна, Дар’я, Па-ліна, Софія, Мікіта, Марк, Багдан, Іван. Сярод рэдкіх – Адэліна, Ганна-Марыя, Віталіна, Ясенія, Лілія, Геральт, Даніс, Рамір, Стэфан.

Усяго за два месяцы года ў раёне зарэгістраваныя 233 нованароджаныя — на 15 больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Шлюбы

У лютым утварылася 69 новых сем’яў — на 15 больш, чым летась. Сярэдні ўзрост нявест – 31 год, жаніхоў – 33 гады. Самай юнай нявесце споўнілася 18, жаніху – 19, самаму сталаму жаніху 64 гады, нявесце – 61. 28 жаніхоў і 31 нявеста бралі шлюб паўторна.

Пераважная большасць жаніхоў і нявест – беларусы. Адна нявеста – з Расіі, жаніхі — з Расіі, Украіны, Бельгіі, Палясціны.

Сярод сельвыканкамаў найбольш шлюбаў зарэгістравана ў Лебедзеўскім і Цюрлёўскім – па чатыры.
Усяго з пачатку года ў раёне ўтварылася 106 новых сем’яў — на 9 больш, чым летась.

Разводы

Іх зарэгістравана 34, што на 19 менш, чым у мінулым годзе. Усяго за два месяцы ў раёне распалася 91 сям’я — на 4 менш, чым за такі ж перыяд летась.

Смерці

Апошні месяц зімы стаў апошнім у жыцці 154 нашых землякоў, што на 4 больш, чым у мінулым годзе.
Сярэдні ўзрост памерлых: мужчын – 65, жанчын – 77. Усяго з пачатку года ў раёне пайшлі з жыцця 317 чалавек — на 27 менш, чым летась.