Новости Молодечно и Молодечненского района

Демография Молодечненского района. Август 2019 г.

  • 2019-09-05 06:11:24
  • Анжаліка Крупянькова

У апошні летні месяц у раёне зарэгістравана найбольшая колькасць нараджэнняў і шлюбаў. Гэту і іншую цікавую інфармацыю прадставіла выконваючая абавязкі начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Эліна ПЛАТАНОВІЧ.

Нараджэнні

У жніўні зарэгістраваныя 123 нованароджаныя (65 хлопчыкаў і 58 дзяўчынак), што на 8 менш, чым у мінулым годзе. Гэта найвышэйшы паказчык за восем месяцаў бягучага года, найменш дзяцей (93) нарадзілася ў чэрвені.

Першае дзіця з’явілася на свет у 41 сям’і, другое – у 53, трэцяе – у 24, чацвёртае, пятае, шостае, сёмае і восьмае – па адной сям’і.

Сярэдні ўзрост мам – 28, татаў – 31. Самая юная мама – ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 18 гадоў, дзве жанчыны і 10 мужчын сталі бацькамі ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў, двое мужчын – ад 45 да 50. Пераважная большасць бацькоў – грамадзяне Беларусі. Сярод тат ёсць грамадзяне Расіі, Азербайджана, В’етнама, Украіны, сярод мам – Расіі, В’етнама.

У Маладзечне зарэгістраваныя дзве пары двайнят. 1 жніўня ў сям’і Кацярыны і Юрыя Комар нарадзіліся дачка і сын Анастасія і Станіслаў. 25 жніўня ў сям’і Наталлі і Рамана Болбас таксама нарадзіліся сын і дачка Мацвей і Ксенія.

Самымі папулярнымі імёнамі ў жніўні былі Софія, Ева, Марыя, Эмілія, Аляксей, Арцём, Багдан, Іван, Ілья, Кірыл, Максім. Сярод рэдкіх Амелія, Аміна, Гвінет, Евангеліна, Каміла, Марыям, Алівія, Тэона, Рыгор, Дамір, Елісей, Міраслаў, Сімяон.

Усяго за восем месяцаў года ў раёне зарэгістраваныя 854 нараджэнні, што на 122 менш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Шлюбы

Іх таксама было больш, чым у мінулыя месцы – 123, на два больш, чым у жніўні летась. Найменш шлюбаў было зарэгістравана ў красавіку – 27.

Сярэдні ўзрост нявест – 29 гадоў, жаніхоў – 31. Самай юнай нявесце не споўнілася 18-ці, дзве дасягнулі паўналецця 18. Чатыры жаніхі і дзве нявесты ва ўзроставай катэгорыі ад 56 да 60 гадоў.

Большасць з тых, хто ўзяў шлюб, – грамадзяне нашай краіны. Сярод жаніхоў ёсць грамадзяне Літвы, Расіі, адна нявеста – з Украіны.

З пачатку года ў раёне створана 547 новых сем’яў -- на 24 менш, чым за адпаведны перыяд летась.

Разводы

Іх зарэгістравана 48, што на 12 больш, чым у мінулым годзе. Найбольш разводаў (53) было ў лютым, найменш (34) -- у чэрвені.
Усяго за восем месяцаў у раёне распалася 355 сем’яў, што на 20 больш, чым за такі ж перыяд 2018 года.

Смерці

Апошні месяц лета стаў апошнім у жыцці 139 нашых землякоў, што на 5 больш, чым летась. Найменш (125 чалавек) пайшло з жыцця ў чэрвені, найбольш (194) у студзені.
Усяго з пачатку года памерла 1226 жыхароў нашага раёна, і гэта на 25 менш, чым у мінулым годзе.