Пра свае школьныя гады і шлях у навуку, пра тое, якія магчымасці адкрывае студэнтам сённяшні гістфак, пра планы, звязаныя з роднай Маладзечаншчынай, Аляксандр Генадзьевіч расказаў у інтэрв’ю нашай газеце.
— У якім узросце вы зразумелі, што гісторыя вам цікавая і вы хочаце звязаць з ёю сваю прафесію? Ці паўплываў на ваш выбар бацька Генадзь Каханоўскі, вядомы ў Беларусі гісторык?
— Свядомы выбар на карысць гісторыі я зрабіў дзесьці бліжэй да дзясятага класа.Паўплывалі і ўласная цікавасць, і, безумоўна, прыклад бацькі. Яшчэ школьнікам я двойчы ўдзельнічаў у археалагічных раскопках на маладзечанскім замчышчы. Іх праводзіў вядомы гісторык, археолаг Міхаіл Ткачоў па ўзгодненасці з Мінскім абласным краязнаўчым музеем, дырэктарам якога тады працаваў мой бацька. Ён не лічыў неабходным мяне падштурхоўваць. Хутчэй, наадварот, бацькі хацелі, каб я паступаў у медыцынскі. Мне многія прадметы падабаліся, я ўдзельнічаў у алімпіядах па нямецкай мове, па хіміі. У СШ №5, дзе я вучыўся, давалі вельмі добрыя веды, шмат было выдатных настаўнікаў. Заўсёды з прыязнасцю прыгадваю маладога дырэктара Аляксандра Макаравіча Шніпа, які прыйшоў у школу, калі мы былі ў дзясятым класе, намесніка дырэктара Маргарыту Аляксееўну Траскунову, настаўніка нямецкай мовы Аляксандра Мікалаевіча Круглага, многіх іншых педагогаў.
— Чым яшчэ захапляліся ў школьныя гады акрамя вучобы?
— Пачынаючы з сёмага класа актыўна ўдзельнічаў у грамадскай рабоце, што дазволіла сфарміраваць арганізацыйныя здольнасці. Я і студэнтам сваім раю не цурацца грамадскіх спраў: гэта раскрывае далягляды, фарміруе кола знаёмых, сяброў, што ў жыцці спатрэбіцца.
— Ці расказваў вам бацька ў дзяцінстве пра наш горад?
— Так, у дзіцячыя гады цікавых расповедаў пра Маладзечна і яго родную вёску Дамашы было вельмі шмат. Яны ў значнай ступені і пабудзілі маю цікавасць да гісторыі. А калі я стаў студэнтам, ужо сам ва ўсё глыбока ўнікаў, вывучаў. Мая дыпломная работа, дарэчы, была прысвечана гісторыі Радашковіч. Большая частка майго прафесійнага жыцця і амаль палова жыццёвага шляху прайшлі, на вялікі жаль, пасля смерці бацькі. З гадамі боль страты адчуваецца больш востра… Цяпер шкадую, што ў нас было мала сумесных даследаванняў, кніг. Вобраз бацькі на мяне заўсёды ўплываў. У некаторых выпадках думаю: «Што б ён зрабіў у той ці іншай сітуацыі?».Сярэдзіна 1960-х гадоў, вёска Дамашы. Шчаслівыя імгненні дзяцінства: маленькі Саша з бацькам Генадзем Каханоўскім і пісьменнікам Рыгорам Семашкевічам.
— Магчыма, вы склалі свой радавод?
— Мой бацька прасачыў яго да сярэдзіны XIX стагоддзя. Я маю гэты радавод, ведаю, што ў ім ёсць вельмі цікавыя асобы. На жаль, пакуль былі жывыя старэйшыя сваякі, мяне гэта менш цікавіла. Сёння магчыма паглыбіць радавод толькі на аснове архіўных звестак. Але гэта ўжо будуць проста дакументальныя сведчанні, без дэталізацыі, асабістых фактаў. Тут важна не страціць час, збіраць звесткі своечасова.1977 год. Сям’я Каханоўскіх у Маладзечне ля свайго дома: Генадзь Аляксандравіч з жонкай Зінаідай Пятроўнай, дзецьмі Аляксандрам і Таццянай.
— Якія змены адбыліся на гістарычным факультэце з часоў вашага студэнцтва?
— З 1980 года я, можна сказаць, не расставаўся з гістфакам: быў студэнтам, аспірантам, выкладчыкам, загадчыкам кафедры, намеснікам дэкана. Праўда, два месяцы ў 1985 годзе па размеркаванні адпрацаваў у Палачанскай сярэдняй школе, пакуль не паступіў у аспірантуру. Настаўніцкая работа, дарэчы, мне вельмі спадабалася, я нават вагаўся: ці не застацца ў школе, ды навуковая праца ўзяла верх. У часы майго студэнцтва гістарычны факультэт знаходзіўся ў галоўным корпусе БДУ, быў значна меншым. Дзейнічалі тры аддзяленні: гісторыі, філасофіі, палітэканоміі. пазней на іх аснове ў БДУ былі адкрыты новыя факультэты. Сёння ў нас на факультэце ідзе падрыхтоўка спецыялістаў па чатырох спецыяльнасцях: гісторыя, музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны, гісторыка-архівазнаўства, дакументазнаўства. З гэтага года на факультэце ўпершыню плануецца пачаць навучанне па пятай спецыяльнасці – рэгіёназнаўстве. Яна прадугледжвае падрыхтоўку спецыялістаў, якія будуць экспертамі па тым ці іншым рэгіёне, дзе Беларусь мае інтарэсы для супрацоўніцтва – дзелавога, эканамічнага, культурнага і г.д. Цяпер на нашым факультэце займаецца каля 1100 чалавек. У нас самая вялікая ў краіне аспірантура і дактарантура па гістарычных навуках. Вырас калектыў выкладчыкаў: калі ў ранейшыя часы іх было каля 60, цяпер – больш за 100. Сярод іх вядомыя гісторыкі, прафесары, аўтары школьных падручнікаў. Многае змянілася ў арганізацыі вучэбнага працэсу. Ён стаў больш гнуткім. На нашым факультэце вялікі працэнт дысцыплін, якія студэнты могуць вывучаць па сваім выбары. У час маёй вучобы такога не было. У сённяшніх студэнтаў ёсць магчымасць стажыравацца ў найбуйнейшых універсітэтах Еўропы. У апошнія два гады з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам адкрыта сумесная магістарская праграма «Гісторыя беларускай дыяспары». Гэта знак добрага супрацоўніцтва, у авангардзе якога ідуць гісторыкі.
— Сярод вашых студэнтаў больш хлопцаў ці дзяўчат?
— У нас іх прыкладна 50 на 50…
— Які прынцып забеспячэння інтэрнатам?
— Імкнёмся максімальна забяспечыць першакурснікаў, але паступова выдзяляем месцы практычна ўсім жадаючым. Мяркую, што ў бліжэйшыя гады ўніверсітэт зможа забяспечваць інтэрнатам усіх, хто мае ў гэтым патрэбу.
— Магчыма, сярод вашых калег таксама ёсць выхадцы з Маладзечаншчыны?
— Так, былы дэкан нашага факультэта Пётр Аляксеевіч Шупляк родам з вёскі Брускаўшчына. Цяпер ён працуе на кафедры новай і найноўшай гісторыі. Алег Антонавіч Яноўскі нарадзіўся на сумежжы Маладзечанскага і Мінскага раёнаў. Ён таксама быў дэканам, першым прарэктарам універсітэта, цяпер загадчык кафедры. Наш зямляк намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Аляксандр Бурачонак, у мінулым мой студэнт і аспірант… Дарэчы, мае калегі-землякі выказалі жаданне прыехаць у Маладзечна на прафарыентацыйную сустрэчу з моладдзю. А ў мяне асабіста ёсць цікавасць зрабіць мікрагістарычны аналіз Маладзечаншчыны, дзе шмат куткоў з вялікай гісторыка-культурнай спадчынай, з якімі звязаны шмат цікавых асоб. Такую працу ёсць задума зрабіць з улікам таго, што напрацоўваў бацька. Пласт матэрыялаў велізарны, яны знаходзяцца ў архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, іншых гарадоў.
— Аляксандр Генадзьевіч, вы цудоўна валодаеце беларускай мовай. А на якой мове ідзе навучанне на факультэце?
— Як на рускай, так і на беларускай. Гэта звычайная практыка. Ёсць дысцыпліны, якія чытаюцца на англійскай мове – у нас займаюцца замежныя студэнты. Дарэчы, некаторыя з іх запісваюцца на беларускамоўныя курсы.
— Што як дэкана вас радуе і засмучае?
— Я аптыміст. Мяне больш радуе, чым засмучае. Радуюся за наш цудоўны калектыў. Задаволены, што ўдалося адкрыць новую спецыяльнасць. Засмучае, калі адыходзяць калегі, калі штосьці не ўдаецца. Калі студэнты расчароўваюцца ў выбранай прафесіі, хаця такія выпадкі вельмі рэдкія.
— На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць будучы гісторык? Якія б парады вы далі тым, хто марыць паступіць на ваш факультэт?
— Па-першае, хачу запрасіць моладзь на наш факультэт! Часта спрацоўвае стэрэатып: у сталічныя ВНУ больш складана паступіць. Не трэба баяцца спрабаваць свае сілы. Гістарычны факультэт, як і шэраг іншых факультэтаў БДУ, – гэта класічная адукацыя, яна дае пэўныя далягляды, разуменне працэсаў як мінулага, так і сучаснасці. Я часам кажу сваім студэнтам, што сэнс многіх падзей можна зразумець праз зварот да гісторыі. Нездарма ёсць афарызм, які ў перакладзе з лацінскай мовы гучыць так: «Гісторыя – настаўніца жыцця». Выпускнікі нашага факультэта адбыліся не толькі як выкладчыкі, навукоўцы. Сярод іх ёсць вядомыя дзяржаўныя дзеячы, дыпламаты, яны працуюць у
IT-сферы, у галіне турызму, музеях, архівах, банкаўскіх структурах і г.д. Для студэнта важна быць дасціпным, скрупулёзным, крэатыўным, імкнуцца да ведаў. Але галоўнае, быць адказным. Бо калі ты педагог — ты адказваеш за фарміраванне гістарычнай свядомасці сваіх вучняў. Калі ты навуковец — ты адказны за тое, што ты пішаш, якія веды даеш грамадству. На жаль, далёка не заўсёды, што ствараецца і падаецца, мае адпаведны знак якасці. Асабліва гэта тычыцца інтэрнэт-рэсурсаў. Разам з калегамі мы лічым, што трэба актывізаваць нашу работу ў плане папулярызацыі гісторыі, даць прафесійны погляд на тыя ці іншыя падзеі, асобы. У гэтым сэнсе гістарычны факультэт мае патэнцыял, і, спадзяюся, мы сваю ролю выканаем.
— Аляксандр Генадзьевіч, ці ўзрадаваліся б вы, каб ваш сын захацеў стаць гісторыкам?Сярэдзіна 1970-х. Аляксандр Каханоўскі з бацькам на гарадскім стадыёне.
— Сказаць шчыра, мне б гэтага вельмі хацелася. Мой сын — дзесяцікласнік, ён ужо думае, чым займацца далей. Але я, як і мой бацька, не імкнуся яго прымушаць да чагосьці, гэта павінен быць яго ўсвядомлены выбар. Я ўважліва назіраю, што цікавіць і сына Генадзя, і дачку Марыю. Мне неабыякава, чым яны будуць займацца. І ўсё ж самае галоўнае, каб яны былі добрымі людзьмі, змаглі рэалізаваць сябе…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Аляксандра КАХАНОЎСКАГА.