Новости Молодечно и Молодечненского района

Далёка адгэтуль наш дом, ды ён пачынаецца тут

  • 2016-12-21 13:30:48
  • Аляксандр Лазоўскі

Не прайшло і…
Летась у адным з ліпеньскіх нумароў наша газета змясціла рэпартаж з Астравецкага раёна, з беларуска-літоўскай мяжы, дзе пачала дзейнічаць новая застава, якой указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было прысвоена імя «Маладзечанская». Тады мы пісалі і пра асаблівасці службы на новай заставе – складаны ландшафт, важная ў стратэгічным плане зона адказнасці – прыкрыццё будучай Беларускай АЭС, і пра землякоў расказалі, якія з гонарам выконваюць свяшчэнны абавязак па ахове рубяжоў краіны, не падводзяць маладзечанцаў. Расказвалі пра тое, як прадпрыемствы Маладзечанскага раёна дапамаглі літаральна ўдыхнуць другое жыццё ў будынак закінутай бібліятэкі ў вёсцы Петраполь і ператварыць яго ў прыдатны для арганізацыі пагранічнай службы комплекс. Вядома ж, прыстасаваны, вядома ж, часовы. Запомнілася выказванне начальніка Смаргонскай пагранічнай групы палкоўніка Аляксандра Маркевіча: «Хачу запэўніць, наступная наша сустрэча ва ўрачыстай абстаноўцы адбудзецца ў новым месцы і ў зусім іншых памяшканнях». Не прайшло і двух гадоў, як словы яго матэрыялізаваліся. І цяпер Аляксандр Іванавіч, з нядаўняга часу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, можа спакойна займацца заканатворчай работай – пасля сябе ён пакінуў на дзяржаўнай мяжы не толькі добрыя ўспаміны, але і нямала сучасных аб’ектаў пагранічнай інфраструктуры.

Апошнім з іх акурат і стаў сучасны комплекс пагранзаставы «Маладзечанская» паблізу вёскі Жарнэлі.
За заставай – граніца
На ўрачыстае адкрыццё заставы, якое адбылося ў мінулую пятніцу, прыехала нямала жаданых гасцей. Гэта і старшыня Пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў, і камандаванне Смаргонскай пагранічнай групы, намеснікі старшынь Мінскага і Гродзенскага аблвыканкамаў, журналісты, прадстаўнікі будаўнічых арганізацый, школьнікі. Прадстаўнічая дэлегацыя прыбыла і з Маладзечна.
– Сёння ў беларускіх пагранічнікаў чарговае наваселле, – зазначыў на мітынгу старшыня Дзяржпагранкамітэта. – Чакаюцца і новыя. А гэта азначае, што рубяжы нашай дзяржавы будуць надзейна абаронены. Я ўпэўнены, што служыць на гэтай заставе будуць выхадцы з Маладзечанскага раёна, і яны надзейна прыкрыюць дзяржаўную мяжу на стратэгічным напрамку.
Генерал Мальцаў выказаў падзяку ўсім, хто прымаў удзел у будаўніцтве і аснашчэнні заставы, у тым ліку і старшыні Маладзечанскага райвыканкама.
У сваю чаргу, Аляксандр Яхнавец ад імя жыхароў нашага раёна павіншаваў пагранічнікаў з адметнай падзеяй і запэўніў: маладзечанскія юнакі з гонарам будуць выконваць свой грамадзянскі абавязак па абароне радзімы менавіта тут, на заставе. Пэўная дамоўленасць аб яе мэтавым камплектаванні ўжо існуе паміж раённымі ўладамі і камандаваннем пагранічнай групы.
Сімвалічны ключ ад новай заставы прыняў ад будаўнікоў яе начальнік старшы лейтэнант Арцём Хінец.

У якасці экскурсавода… генерал-палкоўнік
І вось перарэзана чырвоная стужка перад уваходам, малебен адслужыў епіскап Лідскі і Смаргонскі ўладыка Парфірый, і ўдзельнікаў урачыстасці запрасілі пазнаёміцца з заставай. Экскурсія аказалася запамінальнай. Ці часта выпадае такое, калі ў ролі экскурсавода выступае… генерал? А тут менавіта старшыня Пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў даваў тлумачэнні ў працэсе знаёмства з пагранічнай заставай. Адчувалася, што пра граніцу ён ведае ўсё. І пра людзей, і пра тэхніку, і пра арганізацыю службы… Праўда, расказваў галоўны пагранічнік краіны толькі ў межах дазволенага, пра што можна расказаць.
Аказваецца, сучасная застава – гэта высокатэхналагічны комплекс, у склад якога ўваходзяць сучасная сістэма жыццезабеспячэння, самыя сучасныя сродкі сігналізацыі, візуальнага назірання і кантролю, аўтамабільнай і шмат якой іншай тэхнікі. З асобнымі элементамі гэтага складанага механізма госці атрымалі магчымасць пазнаёміцца ўвачавідкі, пра іншыя даведаліся з інфармацыі старшыні Пагранкамітэта. Сапраўды, граніца пад пільным кантролем і на надзейным замку!
Дарэчы, у комплекс заставы ўваходзіць дванаццацікватэрны жылы дом для сем’яў афіцэраў і прапаршчыкаў – прыгожы, сучасны, з усімі выгодамі.

Служаць з гонарам землякі
Цяпер на «Маладзечанскай» служаць васьмёра нашых землякоў. З усімі сустрэцца і пазнаёміцца нам не давялося. Нават такая падзея, як адкрыццё новай заставы, не адмяняе раскладу: нехта знаходзіўся ў дазоры непасрэдна на мяжы, нехта – ля манітораў у «дзяжурцы». Сяржант Яўгеній Купрыян таксама быў задзейнічаны па службе, але выпала вольная хвіліна, і мы разгаварыліся. Даведаліся, што сяржант Купрыян некалі закончыў СШ №8, затым вучыўся ў Мінскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы. У Маладзечне на Вялікім Гасцінцы жыве мама, Наталля Міхайлаўна Купрыян. Служба, прызнаўся, нялёгкая, адказная. Але маці можа не турбавацца: застава – гэта адна сям’я. Дружная, моцная, надзейная, калі адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.
Малодшы сяржант Уладзіслаў Савіцкі служыць яшчэ толькі сем месяцаў. Ён з вуліцы Заслонава. Закончыў «дзявятую» школу, у політэхнічным каледжы набыў спецыяльнасць тэхніка-электрыка. Веды спатрэбіліся: сёння граніца ўяўляе сабой высокатэхналагічны комплекс.
Таксама праз Маладзечанскі політэхнічны каледж прайшоў Арцём Міцкевіч. На граніцы ён выконвае абавязкі інспектара. Бацькі жывуць на вуліцы Францішка Скарыны. А ў адной з гарадскіх цырульняў стылістам працуе яго дзяўчына Таццяна Царонак. Арцём не ўтойваў сваіх пачуццяў. «Так і напішыце ў газеце: я вельмі кахаю Таццяну, няхай чакае і дачакаецца са службы!».
Дзмітрый Салонін жыў на вуліцы Касманаўтаў, у вілейскім каледжы атрымаў спецыяльнасць аўтаслесара. Цяпер жа яфрэйтар Салонін з аўтатэхнікай зусім не звязаны – ён старшы повар. Але хто сказаў, што «жалеза» важнейшае за чалавека? Ад старання і ўмельства Дзмітрыя ў многім залежаць фізічнае самаадчуванне і настрой таварышаў па службе.
Усе трое ў адзін голас заявілі: на граніцы служыць падабаецца, хаця і адказна – мы ж на пярэдніх рубяжах краіны. Шмат пра што даведаліся, многаму навучыліся, набылі навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым жыцці.
А пакуль бацькі і блізкія могуць ганарыцца сваімі салдатамі – яны не падвядуць ні родны дом, ні родную краіну.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.