
Штогод 25 студзеня адзначаецца Таццянін дзень. Гэта свята ўсіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з такім іменем, а таксама дата, знамянальная для навучэнцаў і студэнтаў. Такая акалічнасць падказала маршрут, дзе можна сустрэцца з Таццянамі, якія маюць дачыненне да вучэбнага працэсу.
У Хажоўскай сярэдняй школе пазнаёміўся з вучаніцай 7 класа Таццянай Саковіч (у навучальнай установе ёсць яшчэ адна навучэнка з такім іменем – другакласніца Таццяна Іода), а таксама з настаўніцай Таццянай Цыбульскай, якая выкладае геаграфію і біялогію.

З размовы даведаўся, што сямікласніца вучыцца добра, пастаянна імкнецца да ведаў. Яна сочыць за тэндэнцыямі ў модзе, у будучыні марыць стаць дызайнерам адзення. Любіць Таццяна і дакладныя навукі – матэматыку, фізіку. Наведвае гурток у мастацкай школе ў Маладзечне. Ёй падабаецца маляваць пейзажы.
– Мая сям’я (мама, тата, я і мая старэйшая сястра дзевяцікласніца) жыве ў Хажове, – расказала дзяўчынка. – Назвалі мяне ў гонар бабулі. Сваім цёзкам і ўсім землякам жадаю здароўя, аптымізму, усяго найлепшага.
Цікава, што будучую настаўніцу Таццяну Цыбульскую прапанавала назваць гэтым іменем менавіта бабуля. Аргументы былі такія: імя наша, традыцыйнае, вельмі прыгожае, мілагучнае.
– Дзяцінства і юнацтва я правяла ў Слуцку, – гаворыць субяседніца. – Пасля заканчэння школы вучылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. З будучым мужам, таксама географам, пазнаёмілася ў час вучобы. На чацвёртым курсе пажаніліся. У Маладзечна прыехалі разам па размеркаванні.
Таццяна Цыбульская і сваю работу, і сваіх вучняў любіць. Яна лічыць, што юныя вяскоўцы адрозніваюцца шчырасцю. Дзеці ветлівыя, добразычлівыя. У школе вучацца юныя жыхары з розных населеных пунктаў Хажоўскага сельсавета.
Для многіх вучняў геаграфія з’яўляецца любімым прадметам. Яна дае ўяўленне пра свет, прыроду, эканоміку, іншыя краіны і сваю Радзіму. Усё гэта моладзі ў далейшым жыцці абавязкова спатрэбіцца.
– Мой муж захапляецца творчасцю Уладзіміра Высоцкага, – зазначыла Таццяна Цыбульская. – А дзень нараджэння гэтага акцёра і выканаўцы якраз прыпадае на 25 студзеня, як і Таццянін дзень. Таму ў наступную нядзелю атрымаю невялікі сувенір, і будзем разам слухаць любімыя песні.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: АЎТАР, архіў Таццяны ЦЫБУЛЬСКАЙ