Аб нюансах правядзення важнай дзяржаўнай кампаніі ішла размова на прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі СМІ ў Галоўным статыстычным упраўленні Мінскай вобласці. Начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Аксана Паляшчук праінфармавала, што ў нашым раёне будзе перапісана 15 тысяч жыхароў (11 тысяч гараджан і 4 тысячы сельскіх жыхароў Цюрлёўскага і Лебедзеўскага сельсаветаў).
Важным этапам падрыхтоўкі да перапісу з’яўляецца праверка адраснай гаспадаркі, якая з першага квартала праводзіцца на тэрыторыі ўсёй Мінскай вобласці. Прадстаўнікі органаў статыстыкі на месцах правяраюць наяўнасць аншлагаў з назвамі вуліц, нумарацыю дамоў і кватэр. На прэс-канферэнцыі адзначалася, што адказнасць за гэта нясуць уладальнікі будынкаў. Асабліва гэта тычыцца прыватнага сектара, дзе не заўсёды ёсць нумары на дамах. Сёння пытанне нумар адзін – правесці растлумачальную работу з насельніцтвам, каб яно ўсведамляла сваю адказнасць. Наогул, пры падрыхтоўцы вялікая ўвага надаецца інфармаванню людзей. Кожны павінен разумець, што перапіс, у тым ліку і пробны, гэта дзяржаўная кампанія. Перапісчык – афіцыйны прадстаўнік, на якога ўскладзены важныя абавязкі. Кожны з іх дае падпіску аб нераспаўсюджанні персанальнай інфармацыі, таму ім можна і трэба давяраць, адказваць на ўсе пытанні, якія яны задаюць.