Пра сядзібу, сям’ю Тамары і Сяргея Алісейкаў супрацоўнікі Лебедзеўскага сельвыканкама нават знялі відэафільм, які адправілі на абласны конкурс. Дзякуючы яму мы ўбачылі летнія ружы і лілеі, а пазней і самі завіталі на сядзібу, парадаваліся прыгажосці, створанай на 30 сотках вакол цаглянага дома па вулі-цы Садовай. Стройныя туі, далікатныя гартэнзіі, зялёная альтанка з вінаграднай лазы, ідэальныя газоны, мноства малых архітэктурных форм, фігурак – кожны куточак падворка прыцягвае ўвагу і здзіўляе. Калі глядзіш на ўсё гэта, разумееш, колькі працы тут укладзена.
— З дзяцінства кветкі люблю! Памятаю, як з сяброўкамі свае маленькія дворыкі рабілі, упрыгожвалі іх. Тады ў вясковых агародчыках на маёй роднай Вілейшчыне вяргіні ды півоні цвілі, не было такой разнастайнасці, як цяпер, — прыгадвае Тамара Іванаўна, якая кожны год стараецца пасадзіць нешта новае.
Сёлета, напрыклад, яна ўпершыню вырасціла сухацветы. Зрэзала, атрымаліся прыгожыя букеты, якія будуць радаваць узімку яркімі фарбамі.
Гаспадары расказваюць, што пазнаёміліся яны ў Ільянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе Сяргей атрымаў спецыяльнасць заатэхніка, а Тамара – ветфельчара. Калі ўладкаваліся на работу ў мясцовую гаспадарку, ім выдзелілі кватэру. Аднак яны хацелі мець свой дом, распачалі будоўлю, якая доўжылася тры гады. Часы былі вельмі няпростыя — зарплаты невялікія, будаўнічых матэрыялаў не дастаць. Маладыя, энергічныя, яны ўсё паспявалі. Шмат працавалі, дачку з сынам гадавалі, вялікую гаспадарку трымалі.
— У чатыры раніцы ўставала, каб да работы карову падаіць, — прыгадвае Тамара Іванаўна.
А работа ў яе была вельмі адказная. Працавала загадчыцай малочнатаварнай фермы, 15 гадоў была галоўным заатэхнікам аграфірмы «Лебедзева». Яе агульны стаж – 47 гадоў. У савецкія часы Тамара Іванаўна была ўзнагаро-джана сярэбраным медалём на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Яшчэ адно прызнанне яе заслуг у развіцці сельскай гаспадаркі – медаль «За працоўную доблесць». Акрамя таго, Тамара Алісейка стала адной з пераможцаў конкурсу «Жанчына года-2016» у намінацыі «За ўклад у развіццё вёскі».
І яшчэ адзін яскравы штрых: ля ферм, за работу якіх адказвала Тамара Іванаўна, заўсёды раслі кветкі, а іх тэрыторыя была дагледжаная і чыстая.
Сяргей Васільевіч працаваў заатэхнікам, вадзіцелем. У часы, калі сітуацыя ў калгасе была складанай і месяцамі даводзілася чакаць зарплату, быў вымушаны асвоіць спецыяльнасць станочніка на Мінскім мэблевым цэнтры ў Маладзечне. З дрэвам працаваць ён любіў заўсёды, нават абсталяваў дома майстэрню. У часы павальнага дэфіцыту Тамара Іванаўна, як і многія нашы землякі, ездзіла па пакупкі ў Польшчу. Прывезла адтуль адмысловыя інструменты для мужа, за якія ён удзячны ёй і сёння. Не магла ўтрымацца, каб не купіць фігуркі для ўпрыгажэння сядзібы – у нас такія яшчэ не прадаваліся. Нямала розных фігурак зрабіў і Сяргей Васільевіч. Тут і традыцыйныя на нашых падворках буслы, і конік, запрэжаны ў вазок-кветніцу, і сонейка.
Муж і жонка расказваюць, што газон з дэкаратыўнымі раслінамі ды кветкамі з’явіўся вакол дома не адразу. Спачатку, як і ў большасці вяскоўцаў, тут быў агарод. Аднак паступова імкненне да прыгажосці ўзяло верх. Праўда, першым часам Сяргей Васільевіч не-не ды і казаў: «Мы што, траву будзем есці?». Але хутка пераканаўся, што агуркоў, бульбы ды капусты хопіць і так, а прыгажосць ля дома ўзнімае настрой, робіць двор больш утульным і прывабным. Пачынаючы з ранняй вясны, калі пад сцяной загараюцца блакітныя вочкі пралесак, і да позніх асенніх вяргінь і хрызантэм гэты дом патанае ў квецені.
— Іншы раз стамлюся, сяду на арэлі, на кветкі любуюся. Адразу лягчэй стано-віцца, — прызнаецца гаспадыня. – І кожную вясну сама сабе здзіўляюся, адкуль зноў сілы бяруцца ўсё гэта садзіць, палоць, даглядаць…
Акрамя таго, Алісейкі трымаюць немалую гаспадарку. І гэты факт, дарэчы, улічваўся пры падвядзенні вынікаў конкурсу на лепшы падворак. Каровы, праўда, даўно няма, але ёсць дзве казы, гадуюць індыкоў, курэй, купілі свой інкубатар. Адным словам, ёсць дзе прымяняць свае заатэхнічныя і ветэрынарныя веды і вялікі вопыт.
У наступным годзе Тамара Іванаўна і Сяргей Васільевіч адзначаць 50-годдзе сумеснага жыцця.
— У чым сакрэт вашага моцнага шлюбу, умення жыць у гармоніі, ствараць прыгажосць вакол сябе? – спыталіся мы ў мужа і жонкі.
— У нас вельмі добрыя дзеці, унукі! – у адзін голас гавораць яны.
І з любоўю расказваюць, што дачка Алена працуе старшым фельчарам на Маладзечанскай станцыі хуткай дапамогі, сын Сяргей – фельчар у Смалявічах, дзе жыве з сям’ёй.
— У юнацтве я сама марыла стаць медыкам, ды пабаялася ехаць далёка ад дома. І так атрымалася, што мая мара здзейснілася ў дзецях, — гаворыць Тамара Іванаўна.
Трэба сказаць, што і старэйшы ўнук Мікіта Малашка прадоўжыў сямейную дынастыю, стаў урачом.
Даніла, як некалі яго дзядуля, працуе на ММЦ, Максім – будучы эканаміст, Паліна – другакласніца, а самай малодшай унучцы Кацярыне два гады. Дзеці, унукі часта прыязджаюць, кожны дзень тэлефануюць, дапамагаюць, падказваюць новыя ідэі па добраўпарадкаванні. Дом па вуліцы Садовай – сапраўднае радавое гняздо, у якім утульна ўсім.
І нават позняй восенню тут рознакаляровымі зоркамі радуюць вока вяргіні. Не спяшаюцца схіляць долу галоўкі, нібы хочуць як мага даўжэй радаваць сваіх руплівых гаспадароў…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.