Пра гэта паведаміла загадчык філіяла літаратурнага музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» Любоў ШЧЭРБАЧ.
– Вельмі прыемна, што з кожным годам у Ракуцёўшчыну прыязджае ўсё больш людзей, – расказала Любоў Іванаўна. – Наведваюць наш філіял людзі розных узростаў. Сярод тых, хто цікавіцца творчасцю Багдановіча, шмат моладзі. Ёсць сярод наведвальнікаў маладыя сем’і з дзецьмі. І гэта невыпадкова: аўтар зборніка вершаў «Вянок» з’яўляецца самым маладым класікам айчыннай літаратуры.
Па словах субяседніцы, сярод турыстаў ёсць людзі, якія добра ведаюць творчасць паэта і многія факты з яго жыцця. Аднак нямала тых, хто менавіта ў Ракуцёўшчыне адкрывае для сябе Багдановіча. Калі вяртаюцца дадому, яны абавязкова набываюць «Вянок». Вершы з гэтага зборніка натхняюць чытачоў любіць Радзіму, берагчы яе культурную спадчыну.
– Нашы мясціны прыгожыя ў любую пару года, – адзначыла Любоў Шчэрбач. – Тут адметная прырода. З зямлі б’е Максімава крынічка. Экспанаты ствараюць незабыўную атмасферу, якая пераносіць турыстаў у далёкае мінулае. Некаторыя параўноўваюць абстаноўку з той, якая была на падворках іх дзядуляў і бабуль. Так людзі вучацца паважаць гісторыю роднай зямлі, цаніць яе здабыткі і дасягненні.
Загадчык філіяла паведаміла, што адной з найбольш адметных падзей для Ракуцёўшчыны і ўсяго раёна з’яўляецца свята песні і паэзіі «Ракуцёўскае лета». Колькасць удзельнікаў мерапрыемства таксама пастаянна расце. Фестываль збірае прыхільнікаў нацыянальнай культуры і традыцый, тых, каму дарагая беларуская мова.
– Работнікі музея шмат робяць для папулярызацыі творчасці Максіма Багдановіча, – зазначыла Любоў Іванаўна. – На базе філіяла праводзяцца майстар-класы, творчыя майстэрні, арганізуюцца музейна-педагагічныя заняткі. Спецыялісты выязджаюць з лекцыямі ў школы Маладзечанскага і іншых раёнаў Мінскай вобласці. Сімвалам гэтага года ў Беларусі стала валошка – любімая кветка Багдановіча. Гэта знак пераемнасці традыцый, павагі да гістарычнай спадчыны беларускага народа.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Любові Шчэрбач