Нашымі суседзямі ў экспазіцыйнай зале былі прадстаўнікі Маладзечанскага тэлебачання, аматарскага аб’яднання «Народная телевідэастудыя «Наш час», Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. А яркае выступленне вакальнага ансамбля «Асалода» Раёўскага СДК прыцягвала ўвагу шматлікіх наведвальнікаў выстаўкі.
— Журналісты ўносяць значны ўклад у папулярызацыю гістарычнай спадчыны і культурных дасягненняў роднага краю, — падкрэсліла дырэктар краязнаўчага музея Раіса Казановіч. – Вось чаму мы зрабілі своеасаблівы падарунак работнікам друку, радыё, тэлебачання і прадставілі на выстаўцы каштоўныя экспанаты – кнігу «Дзеянні царкоўныя і грамадзянскія» 1719 года выдання, а таксама знакаміты слуцкі пояс.
Увогуле, музей актыўна супрацоўнічае з рознымі сродкамі масавай інфармацыі. Рэалізуюцца сумесныя праекты, такія як «Музейныя скарбы» з «МГ» і «Достояние Минщины» з МКТБ. Работа ў адпаведным кірунку будзе працягвацца.
Як і ў час мінулых выставак, камандзе нашага выдання сумаваць не даводзілася. Да стэнда падыходзілі калегі з іншых рэдакцый і людзі, чый лёс або інтарэсы звязаныя з Маладзечаншчынай.
— Ведаю і паважаю Маладзечна, бо ў горадзе праходзіць фестываль беларускай песні і паэзіі, у ім жыў і працаваў Мікола Ермаловіч, — гаворыць жыхарка Гродна Ксенія Асадзік. — Цікаўлюся гісторыяй і культурай Беларусі. Навіны культурнай сталіцы Міншчыны даведваюся з сайта выдання. На выстаўцы вырашыла асабіста пазнаёміцца з работнікамі рэдакцыі.
Ля стэнда спынілася Таццяна Сушко. Калісьці яна супрацоўнічала з газетай, была пазаштатным карэспандэнтам. Жанчына адзначыла, што «Маладзечанка» ў апошнія гады стала больш цікавай і прывабнай. Добрыя ўражанні пакідаюць вёрстка, дызайн і ахоп тэм. Бачна, што выданне запатрабаванае ў чытачоў.
На думку жыхара Мінска Мікалая Радотнава, рэгіянальная прэса аказвае вялікі ўплыў на грамадства. Ёй давяраюць, да яе звяртаюцца па дапамогу. Што тычыцца «Маладзечанскай газеты», яна працягвае лепшыя традыцыі айчыннай журналістыкі.
— У «Маладзечанкі» ёсць чаму павучыцца. Выданне добра ілюстраванае, змястоўнае. Жадаю рэдакцыі трымаць высокую марку і надалей, – выказалася галоўны рэдактар «Бярэзінскай панарамы» Ала Альфер.
Адным абзацам. XXII Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» працавала ў выставачным комплексе «БелЭкспа». На ёй былі прадстаўлены каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі, іншых краін. Новаўвядзенне апошняй выстаўкі — дзень рэгіянальнай прэсы. Асаблівы акцэнт у час мерапрыемства быў зроблены на Год малой радзімы.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.