Новости Молодечно и Молодечненского района

Чайная цырымонія ад Наталлі

  • 2019-04-01 06:34:25
  • Ірына Рабушка


Прыняць рашэнне аб новым месцы работы было не проста. Адзінаццаць гадоў Наталля адпрацавала мантажніцай радыё-апаратуры на заводзе «Спадарожнік», была сярод лепшых работнікаў. Але, як вядома, гэта прадпрыемства не здолела супрацьстаяць складаным перабудовачным часам…

Наталля трапіла ў нязведаную для сябе сферу гандлю і грамадскага харчавання і ўладкавалася барменам у бар, які адкрыўся ў Хажове, недалёка ад яе роднай Слабодкі.
— Ніколі не забуду свой першы працоўны дзень. На работу выйшла ў суботу. Было шмат людзей, – цяпер ужо з усмешкай успамінае яна. – У вёсцы ўсе адзін аднаго ведаюць. Многія знаёмыя прыйшлі проста… на мяне паглядзець.

Наогул, на той час бар у вёсцы быў дзівам. Сюды хіба толькі самы лянівы не заглянуў. Наталля ўспамінае, як дзеці забягалі па ласункі і ў іх часта не хапала грошай. Яна тады даставала са свайго кашалька, каб малыя салодзенькаму парадаваліся.

Ужо больш за 20 гадоў Наталля ездзіць на работу са Слабодкі ў Маладзечна. Гаворыць, што на веласіпедзе – 20 хвілін, на аўтамабілі, за руль якога села нядаўна, усяго пяць.
Яна працуе барменам у кафэ «Камфорт».

— Калі ноччу з работы вяртаюся на веласіпедзе, інспектары ДАІ нярэдка спыняюць, цікавяцца, адкуль еду. Як пачуюць, што з бара, дык коса паглядаюць, уважліва правяраюць экіпіроўку, флікеры, — расказвае Наталля.

А перш чым уладкавацца ў бар, спачатку прыйшла туды… у якасці наведвальніцы.
— Як цяпер памятаю, заказала чыпсы і чай. А мне адказваюць: чай не падаём, ёсць толькі кава. Думаю: як гэта няма чаю?! Нават у Хажоўскім бары яго падавалі, — працягвае субяседніца.

З прыходам Наталлі ў «Камфорт» у якасці бармена тут гатуюць чай некалькіх відаў. Дзякуючы ёй абнавілася і меню салатаў, мясных страў, з’явіліся бліны.

Менавіта Наталлі кіраўніцтва давярае і адміністрацыйную работу. Яна курыруе таксама навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, якія прыходзяць сюды на практыку. Умее зацікавіць іх справай і сама не саромеецца вучыцца ў моладзі. Напрыклад, асвоіла новыя веянні сервіроўкі і афармлення стала, дзясятак спосабаў складвання сурвэтак. Вельмі падабаецца ёй мастацтва флейрынгу — прыгатаванне кактэйляў з выкарыстаннем элементаў жангліравання, але пакуль у яе не вельмі філігранна атрымліваецца.

— Мне іншым разам так хочацца сесці за парту разам з сучаснай моладдзю. Хто ведае, мажліва, калі-небудзь і рашуся на гэта. Я ўсё ж бармен-самавучка, хоць і з вялікім вопытам работы, — гаворыць Наталля.

Яе прафесійны вопыт цэняць і ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы, куды нярэдка запрашаюць у якасці эксперта. Паважаюць і на рабоце. Ёй па сілах справіцца з самымі неардынарнымі выпадкамі, ператварыць свята асобных кампаній у адзінае. І нават знайсці агульную мову з іншаземцамі. Тады яна проста пераходзіць на англійскую або беларускую, калі трэба пагаварыць з палякамі. І сёння Наталля ўдзячная за выдатныя веды роднай Хажоўскай школе. Яна вельмі любіць размаўляць па-беларуску.

За доўгія гады работы бармен вывучыла і гастранамічныя густы тых, хто часта прыходзіць у кафэ. А яшчэ неаднойчы станавілася сведкай стварэння сем’-яў – ад знаёмства да вяселля. Многія з іх потым у «Камфорце» і хрысціны адзначаюць.

Фота: Ірына РАБУШКА.