Новости Молодечно и Молодечненского района

Чаму я люблю Краснае?

  • 2022-03-17 12:11:26
  • Алег Бяганскі

Мікалай ХАДАКОЎСКІ, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы:


— У Красным жывуць добрыя людзі. Адметнасць вёскі ў тым, што духоўнае жыццё тут не перарывалася многія дзесяцігоддзі. Храм працаваў, у ім праводзіліся богаслужэнні. Як і ўсюды ў Беларусі, тут мірна суіснуюць вернікі ўсіх канфесій. Яны любяць малую радзіму, клапоцяцца пра яе. Увогуле, любому чалавеку ўласціва пачуццё любові да радзімы – да месца, дзе ён вырас, дзе яго ведаюць, дзе жывуць яго блізкія і ўсе гатовы прыйсці на дапамогу. На роднай зямлі людзі моцныя адзінствам. Гэта тычыцца і Краснага.

Аліна ДУБАНЕВІЧ, работніца сферы культуры:


— У Краснае ўлюбілася адразу. Уразілі мясцовыя краявіды – маляўнічыя ўзгоркі, звілістая Уша, луг ля ракі. Упрыгажэннем населенага пункта з’яўляюцца храмы. А вакол вёскі знаходзіцца цэлы россып славутасцей: музей-сядзіба Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, мемарыяльны Купалаўскі запаведнік «Вязынка», цэнтр традыцыйнай культуры і побыту ў Плябані. Усё гэта стварае адметную атмасферу, каб ганарыцца культурнымі традыцыямі роднай зямлі, захоўваць іх.

Вераніка САКОВІЧ, работніца сферы культуры:


— У Красным працую ўжо 10 гадоў. За гэты час мясцовыя жыхары сталі для мяне як радня. Падабаецца транспартная даступнасць вёскі. Адсюль не праблема дабрацца да Мінска і Маладзечна. Населены пункт чысты і добраўпарадкаваны. Тут шмат помнікаў, гістарычных месцаў, ёсць і шматкватэрныя дамы, і прыватны сектар. Вёска мае свой непаўторны каларыт, сваю аўру.

Аляксандр БАКУН, жыхар Мінска:


— Краснае для мяне перш за ўсё радзіма майго бацькі. Прыязджаў сюды з дзяцінства. Вельмі падабаецца гуляць па ваколіцах населенага пункта. Тут прыгожая прырода. У вёсцы жыве шмат знаёмых, сустракацца з якімі заўсёды прыемна. Людзі ў Красным дружныя. Калі ў каго здарыцца бяда — заўсёды дапамогуць.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР, Аляксей ПЛАТКО.