Новости Молодечно и Молодечненского района

Чалавек жыве, пакуль ён з людзьмі

  • 2017-06-20 10:17:55
  • Ірына Рабушка

Нядаўна ў рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Ждановічы» прайшоў VI з’езд прадстаўнікоў Беларускага таварыства інвалідаў. На мерапрыемства прыбылі больш за 170 дэлегатаў не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Украіны, Малдовы, Германіі.

На форуме найперш абмеркавалі асноўныя праблемы і прыярытэтныя кірункі ў рабоце з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Нягледзячы на тое, што для гэтай катэгорыі грамадзян вырашаецца шмат пытанняў па сацыялізацыі, рэабілітацыі, дапамозе, у тым ліку псіхалагічнай і медыцынскай, спыняцца на дасягнутым не варта. Да такой агульнай высновы прыйшлі ўдзельнікі з’езду.

Таксама ў полі іх зроку была Канвенцыя аб правах інвалідаў, якая з’явілася ў 2015 годзе. Ірына Касцевіч засяродзіла ўвагу на праекце Нацыянальнага плана па рэалізацыі канвенцыі, які ў хуткім часе будзе зацверджаны ўрадам.

Найбольш актыўных прадстаўнікоў раённых арганізацый на з’ездзе адзначылі Ганаровымі граматамі і Падзякамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Сярод лепшых і наш зямляк Васілій Таркан. Ён таксама ўваходзіць у склад савета цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў. За даволі працяглы час работы старшыня можа прывесці не адзін доказ таго, што ў нашым рэгіёне выбраны правільны курс па сацыялізацыі і дапамозе людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

— Тыя ж пандусы ля многіх магазінаў і ўстаноў дапамагаюць інвалідам адчуць сябе нараўне з іншымі. На аўтастаянках для іх вызначаюцца спецыяльныя месцы для паркоўкі. Хаця, безумоўна, яшчэ ёсць над чым працаваць, — заўважае Васілій Таркан. – Для членаў нашай арганізацыі мы пастаянна прапануем цікавыя паездкі па славутых і святых месцах, арганізуем забаўляльныя мерапрыемствы, спаборніцтвы. На дапамогу прыходзяць многія прадпрыемствы і ўстановы, сярод якіх раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа, Палац культуры, Мінскі абласны драматычны тэатр. Чалавек жыве, пакуль ён з людзьмі…

Фота: Аляксей ПЛАТКО.