Новости Молодечно и Молодечненского района

«Чакай мяне, Любоў!»

  • 2023-05-10 11:56:30
  • Анжаліка Крупянькова

-- Даволі часта людзі расказваюць мне гісторыі са свайго жыцця, іншы раз дзеляцца самым патаемным, -- гаворыць пісьменніца, пастаянная аўтар і падпісчыца нашай газеты Алена Ліхадзіўеўская. -- Аднойчы жанчына з вёсачкі, што непадалёк ад Краснага, распавяла вельмі шчымлівую гісторыю. У гады вайны яе муж пайшоў на фронт, і жанчына атрымала пахавальную. Аднак не паверыла, што яе каханы загінуў. Яе чуллівае любячае сэрца падказвала, што ён жывы. Жанчына напісала сама сабе пісьмо ад імя мужа, у якім былі словы: «Я жывы! Чакай мяне!», і ўсю вайну насіла яго пад сэрцам. Яна верыла, што так яно і ёсць. І цуд адбыўся: муж вярнуўся. Мяне настолькі ўразіла гэта гісторыя, што я проста не магла не напісаць яе паэтычным радком. Толькі змяніла імёны герояў: у рэальным жыцці гэта былі Іван і Марыя, у маім вершы -- Любоў і Аляксей. На вялікі жаль, іх ужо няма ў жывых: Іван памёр гадоў дзесяць таму, Марыя не так даўно. Няхай жа гэты верш, надрукаваны ў зборніку «Мне так патрэбна шчасце для цябе», будзе своеасаблівым помнікам іх вялікаму каханню, якое перамагло вайну…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Да гадавіны Перамогі

Ляжаў канверт, пажоўклы за часамі,
І там пісьмо. Няцэлых пяць радкоў:
«Чакай мяне, чакай мяне начамі.
Люблю цябе, чакай мяне, Любоў!
Чакай мяне паміж шалёных смерцяў,
Чакай мяне паміж варожых куль,
Ты дачакайся…».
Вось пісьмо ў канверце.
Каму? Куды? Няведама адкуль…
Ні адраса, ні прозвішча, ні імя.
Нічога болей -- чыста ўсё было…
Любаша, Любачка, любімая Любіма, --
Не дачакаць ёй любага свайго.
Бо ён у першы дзень вайны праклятай,
Прастрэлены наскрозь, з жыцця пайшоў.
Такі прыгожы ў форме лейтэнанта,
Не ведаўшы, што вораг падышоў,
Дзяжурыў на мяжы радзімы мірнай
Пад спеў саловак, ціхі шум ракі,
Ды вораг стрэліў, сэрцайка прабіта,
Пайшоў у вечнасць вечна маладым.
І любачка, Любоў яго, Любіма,
Ужо ведаўшы: няма чаго чакаць,
Алёшачку свайго, што так любіла,
Пісьмо пісала ад яго…
Сабе…Чакаць!
Пісьмо заўсёды з ёю, пад рукамі.
Яна ўсім чытала, што здароў:
«Чакай мяне, чакай мяне начамі.
Люблю цябе, чакай мяне, Любоў!».
Чакай мяне паміж шалёных смерцяў,
Чакай мяне паміж варожых куль,
Ты дачакайся…».
То пісьмо ў канверце чытала ўсім.
І помніла жывым.
І вось канец. Вайны шалёнай зграя
Ужо разбіта, дым з нябёс сышоў.
І гэтыя радкі, што напісала,
Не ведалі, што зберагуць любоў.
І на пагонах ён з маёрскай зоркай,
І з ордэнам. І ён ужо -- герой.
На мыліцах, з салдацкую махоркай
Да Любы-Любачкі сваёй прыйшоў.
А Любачка яго ўсё жыццё кахала
І зберагла ў сэрцайку жывым,
Хаця надзею ўжо даўно схавала,
Імя шукала пасярод магіл.
І думкі гэтыя, былі што ў канверце,
Што Любачка пісала для сябе,
Малітвай сталі, перамогай смерці,
Малітваю Каханню. Ён жыве!
Бо дачакалася паміж шалёных смерцяў,
Бо дачакалася сярод варожых куль…
І дачакалася пісьмо ў канверце
Алёшачку няведама адкуль…

Алена ЛІХАДЗІЕЎСКАЯ