Новости Молодечно и Молодечненского района

Быў рабочым, цяпер садавод

  • 2024-10-21 07:09:45
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Ураджэнец вёскі Раманы Антон ЧЭРНІК доўгі час працаваў у Мінску на гадзіннікавым завозе «Прамень». Аднак сувязь з малой радзімай мужчына не перарывае.

– У Раманах жыву ў цёплы час года, – расказаў Антон Іванавіч. – Даглядаю падворак, вырошчваю садавіну і агародніну. Толькі бульбы ў мяне сем гатункаў. Радуе, што ўраджай сёлета вельмі багаты. Яблыкі і грушы людзям нават бясплатна прапаную. Цяпер настаў час рыхтаваць сад да маразоў. Абразаю дрэвы, займаюся іншымі работамі.

Субяседнік паведаміў, што навыкі даглядаць сад ён пераняў ад бацькоў. Антон Іванавіч пастаянна цікавіцца літаратурай па садаводстве, наведвае профільныя выстаўкі і кірмашы. Пасадачны матэрыял купляе, у тым ліку, у гадавальніку ў Самахвалавічах. Пры гэтым прышчэпкі на дрэвах не практыкуе. Ураджай і так настолькі вялікі, што сёлета пад кожнае дрэва нават давялося па некалькі падпор ставіць, каб галіны не зламаліся.

Па меркаванні Антона Іванавіча, жыць у горадзе і мець у вёсцы дом зручна і практычна. Сям’я гарантавана забяспечана вітаміннай прадукцыяй, вырашчанай «без хіміі». Ды і за работай на свежым паветры адпачываеш душой і целам.

– Бяда для многіх садаводаў – краты, – працягвае Антон Чэрнік. – Я змагаюся з імі з дапамогай краталовак. Раскопваю кратавіны і стаўлю дзве прылады па супрацьлеглых напрамках. Жывёла абавязкова трапіць у адну з іх. А яшчэ краты не пераносяць вібрацыю. Таму стаўлю на ўчастку самаробныя трашчоткі.

Пра вёску субяседнік выказаўся толькі станоўча. Ён адзначыў, што дамы ў ёй газіфікаваныя. Некалькі разоў на тыдзень прыязджае аўтакрама. Дарога грунтавая, аднак добрая. Раней па вёсцы праходзіла брукаванка, пакладзеная ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Уздоўж яе раслі старыя дрэвы. Некаторыя з іх захаваліся і ўтварылі велічную алею. Ля аднаго з векавых дубоў вяскоўцы збіраюцца, калі чакаюць аўтакраму. Жыццё ў Раманах не спыняецца.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ