Новости Молодечно и Молодечненского района

Былое прыгранічнае паселішча

  • 2024-09-23 07:17:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

17 верасня 1939 года для Радашковічаў асаблівая дата. Менавіта тады граніца, што раздзяляла беларусаў і праходзіла побач з населеным пунктам, перастала існаваць.

Пра гэту падзею расказвае экспазіцыя «Братамі сустрэліся ў Дзень уз’яднання», што разгарнулася ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Як паведаміла старшы навуковы супрацоўнік музею Наталля Палтавец, жыхары Радашковічаў не змірыліся з польскай акупацыяй роднай зямлі. Яны аказвалі актыўнае супраціўленне чужой уладзе, аб чым сведчаць дакументы мясцовай паліцыі.

На фатаграфіі, якую можна убачыць на выстаўцы і якая была зроблена 85 гадоў таму ля Радашковічаў, якраз бачна, як дэманціруюцца пагранічныя ўмацаванні. Здымаецца калючы дрот. Цяпер беларускі народ адзіны.

Пра жыццё ў Радашковічах у 20-х гадах мінулага стагоддзя расказвае фатаграфія вучняў і выкладчыкаў беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны. Навучальная ўстанова мела гуманітарны ўхіл. Прадметы выкладаліся на роднай мове.

Сярод найбольш вядомых выкладчыкаў быў беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік Язэп Драздовіч. Значны ўклад у айчынную культуру ўнёс адзін з вучняў гімназіі, народны паэт Беларусі, перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч Максім Танк.

– Гімназісты былі актыўна ўцягнутыя ў палітычнае і грамадскае жыццё Радашковічаў, – падкрэсліла Наталля Палтавец. – Яны прымалі актыўны ўдзел у розных акцыях, супраціўляліся польскаму ўплыву. За гэта навучальная ўстанова была закрыта.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ