Алена БАРТАШЭВІЧ жыве ў Дубраве, працуе на МТК «Бортнікі» аператарам машыннага даення. Работа ў жанчыны ідзе спорна. А энергіі ў яе столькі, што хапае і на сям’ю, і на прысядзібны ўчастак.
– Нарадзілася я ў Еленцы, – гаворыць субяседніца. – У Дубрава пераехала таму, што мясцовая гаспадарка давала жывёлаводам жыллё. Катэдж мы атрымалі ў 2008 годзе. З таго часу разам з мужам ператвараем падворак на свой густ.
І гэта ў гаспадароў выдатна атрымліваецца. Дом акуратны. І прысядзібная тэрыторыя дагледжаная. На падворку нават «вырасла» пальма, з’явіўся дэкаратыўны млын, «пасяліліся» лебедзі. Увогуле, тут усё як мае быць. Газон, шмат кветак. Калі мы завіталі да Алены Леанідаўны, яна займалася агародам.
– А як інакш? – гаворыць жанчына. – Калі цяпер не пасееш агародніну, восенню свежы вітамін у каструлю не пакладзеш. Вясна сёлета ранняя, але толку ад гэтага мала. Цяпло прыйшло зусім нядаўна. Затое расада павінна развівацца імкліва.
Акрамя бульбы Алена Барташэвіч высявае буракі, моркву, агуркі, памідоры. Пад яе доглядам ураджай з градак будзе добры.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ