Новости Молодечно и Молодечненского района

Будзем разам і ў 2025 годзе!

  • 2024-12-30 07:23:00

Які хуткаплынны час! Здаецца, зусім нядаўна я звярталася са старонак «Маладзечанскай газеты» да вас, мае дарагія чытачы, і віншавала з новым, 2024 годам, а цяпер і яго мы ўжо можам запісаць у гісторыю.

Якім ён быў? Розным: цікавым, насычаным, напоўненым стасункамі і сустрэчамі, але разам з тым няпростым. Звязваю гэта з тым, што газета набыла новы выгляд і напаўненне. Публікавацца матэрыялы ў газеце сталі асобна па горадзе і сельсаветах. Колькі невялікіх вёсачак адкрылі для сябе і для вас журналісты «раёнкі»! Кожны раз, вяртаючыся з чарговага задання, яны дзяліліся са мной сваімі эмоцыямі і адзначалі, якія моцныя духам, творчыя, цікавыя ў нас жыхары. Дзякую кожнаму чытачу за зваротную сувязь у выглядзе тэлефонных званкоў і лістоў. Вы дзяліліся сваімі думкамі, падказвалі напрамкі развіцця, з нечым не згаджаліся. Дзякуй вялікі за гэта! Мне як галоўнаму рэдактару важна ваша меркаванне. Па-першае, гэта даказвае, што газету чытаюць, па-другое, што лічаць яе часткай свайго жыцця. Бо, пагадзіцеся, старонняму чалавеку не будзеш выказваць сваю хвалу ці непрыманне. А каманда «МГ» прыслухоўвалася да кожнага зварота, спрабавала пасадзейнічаць і дапамагчы.

Некалькі лавак сумеснымі намаганнямі журналістаў і профільных службаў раёна было ўстаноўлена, скошана трава ў дварах дамоў. Мы нагадвалі і пра адказнасць за хатніх жывёл, маніторылі цэны ў магазінах, зважалі на праблемы вывазу смецця і недапушчальнасць катання на скейтах на прыступках помніка.

Але ўсё ж больш было святочных і пазітыўных момантаў. «МГ» выязджала на пасяўную і ўборачную, нават начную. Вы запрашалі нас на рэгістрацыю сваіх залатых вяселляў і святы вёсак. Разам мы былі на дыялогавых пляцоўках і знакавых мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне, годна прынялі чэмпіянат свету па гарадошным спорце і сталі першай кропкай пасля аб’яўлення Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам «Марафону адзінства».

На мой погляд, падабаюцца вам нашы рубрыкі «Зверье мое» і «Приятного аппетита!». Варта адзначыць, што рэцэпты, якія публікуюцца ў ёй, прыгатаваныя і правераныя гаспадынямі рэдакцыі, як і карысныя парады. Добрай зарадкай для розуму служаць крыжаванкі. А калі засумавалі – звярніцеся да анекдотаў або народнай мудрасці.

Многія сварацца на 2024-ы: маўляў, высакосны, цяжкі і напоўнены негатывам. А я дзякую яму за ўсё і лічу асаблівым, бо ён падарыў на адзін дзень больш стасункаў і сустрэч.

Не хачу падводзіць вынікі: якія нашы гады! Толькі ўпэўнена, што яшчэ шмат тэм не паднята, з многімі не сустрэліся і не пагаварылі. Таму жадаю ўсім здароўя, сілы духу і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Да сустрэчы ў новым, 2025-м!

Людміла НЕХВЯДОВІЧ,
галоўны рэдактар