Прыемна бачыць дашкалят і школьнікаў, якія адпачылі за лета, набраліся сіл і энергіі. Так і павінна быць, бо для дзяцей лета -- гэта пара рухавых гульняў, купання ў вадаёмах, забаў, катання на веласіпедах, самакатах ці скейтбордах. Але як бабуля, я з трывогай задумваюся, як хутка маім унукам трэба будзе прызвычаіцца да строгага рэжыму дня дзіцячага сада ці школы, як кажуць, трапіць у сваю каляіну.
Успамінаю, як мінулым летам гасціла ў пляменніцы ў Маскве. Яе 17-гадовы сын Дзмітрый да чатырох-пяці гадзін раніцы праседжваў за камп’ютарам, а назаўтра спаў да дванаццаці. Ён пераконваў мяне, што з першага верасня, калі пачне вучыцца ў каледжы сувязі, будзе класціся спаць раней. Канечне, яму давялося перастроіцца, але, па словах пляменніцы, калі-нікалі спазняецца на заняткі і цяпер, бо позна прачынаецца. І ў каледжы зноў жа вымушаны сядзець за камп’ютарам. На жаль, хлопцу і без доктара можна дыягнаставаць гіпадынамію (ці інакш, маларухомы лад жыцця). Пра яе гавораць тады, калі чалавек знаходзіцца ў нерухомасці больш за пяць гадзін на працягу дня і рухаецца менш за дзесяць гадзін на тыдзень (каля 1,5 гадзіны за дзень).
Сёння гіпадынамія лічыцца сацыяльным захворваннем, нараўне з залежнасцю ад гаджатаў (тэлефонаў, планшэтаў, ноўтбукаў, камп’ютараў) і фільмаў, мультфільмаў, камп’ютарных гульняў. Так, тэхналагічны прагрэс прывёў да таго, што многае зручна зрабіць не ўстаючы з канапы ці з-за стала. Сваім дочкам і пляменніцам не прамінаю нагадваць, што асабісты прыклад у такіх выпадках вельмі паказальны, таму перш-наперш бацькі павінны весці здаровы лад жыцця. Сюды можна аднесці захаванне рацыянальнага рэжыму дня, дастатковы ўзровень рухальнай актыўнасці (асабліва на паветры), нармальную працягласць сну, паўнацэннае харчаванне, загартоўванне, прафілактыку і навучанне спосабам процістаяння стрэсу.
Дарэчы, наконт стрэсу. Мой пяцігадовы ўнук Максім лупіць проста па экране планшэта, калі ў яго штосьці не атрымліваецца так, як яму б хацелася. Пытанне: навошта купляць дзіцяці гаджат, калі яму яшчэ было тры гады? Яшчэ адна «пабочка» -- пагоршыўся зрок. Цяпер Максімка носіць акуляры.
Мы з дзедам радуемся, калі летам нашых унукаў прывозяць у вёску, дзе можна пагушкацца на арэлях, паганяць на веласіпедзе, пакупацца ў рэчцы ці возеры, пагуляць у футбол. А яшчэ -- калі бацькі выходзяць з імі ў наш гарадскі парк на скейт-пляцоўку ці спартыўныя трэнажоры. Пагадзіцеся са мной, настаўніцай, у якой за плячыма 35 гадоў педагагічнага стажу, што фарміраванне здаровага ладу жыцця ў ідэале павінна пачынацца з ранняга дзяцінства. Закладзеныя ў ім звычкі і атрыманыя ўражанні з’яўляюцца фундаментам, на якім будуецца далейшае жыццё дарослага чалавека. Гэта дазваляе ісці па жыццёвай дарозе мэтанакіравана, захаваць карысныя звычкі і, галоўнае, здароўе.
Ірына РЫБАКОВА.