Прызыўнікоў запрасілі на ўрачыстасць, прысвечаную важнай падзеі ў жыцці. Невыпадкова яна праводзілася ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, дзе захоўваецца гісторыя многіх пакаленняў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовага ваенкамата і раённага выканаўчага камітэта. Са словамі наказу да будучых салдат звярнуўся ваенны камісар Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў палкоўнік Аляксандр Мацецкі. Ён заўважыў, што гэты прызыў асаблівы, бо адбываецца паміж дзвюма лёсавызначальнымі датамі для нашай краіны — 74-годдзем Вялікай Перамогі і 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Для кожнага мужчыны вельмі важна ў любы момант умець абараніць сваю радзіму. Сённяшнія юнакі павінны быць дастойнымі прадаўжальнікамі мужнага пакалення сваіх продкаў, берагчы мір і спакой, — зазначыў Аляксандр Пятровіч.
Сярод ганаровых гасцей урачыстасці быў кіраўнік музея памяці воінаў-інтэрнацыяналі-
стаў СШ №14 палкоўнік запасу Ігар Арабей, які не па чутках ведае аб армейскай службе. Мы неаднойчы расказвалі на старонках нашай газеты пра яго слаўны ваенны шлях, што пралягаў дарогамі Афганістана. Юнакі з непадробнай цікавасцю слухалі пра салдацкія будні. Ігар Арабей на працягу многіх гадоў быў і ваенным камісарам.
— Школа мужнасці і сяброўства — так можна коратка і ёмка расказаць пра армію, — зазначыў ён.
Трапныя словы знайшоў для будучых салдат настаяцель храма ў гонар Усіх Святых протаіерэй Анатолій Пашкевіч, які таксама прайшоў армейскую службу ў Магілёве ў войсках МУС.
— Ці лёгка служыць? Не. Бо гэта новая ступень адказнасці для чалавека, — глыбакадумна падкрэсліў ён.
Протаіерэй пажадаў божага благаславення юнакам, якія «разляцяцца» па ўсёй нашай краіне. У адрас будучых салдат прагучалі наказы не страціць гонар грамадзяніна і быць дастойнымі сынамі малой радзімы, а іх бацькам – толькі чыстых слёз шчасця.
Прыемным дадаткам да ўрачыстасці стала экскурсія па краязнаўчым музеі. Па вехах гісторыі хлопцы вандравалі разам з загадчыцай навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы Вольгай Шылько.
Працяг тэмы - ў "Маладзечанскай газеце" за суботу, 18 мая.