Сярод іх урачы, юрысты, работнікі гандлю, харчавання, сферы прыгажосці, студэнткі, будучыя перакладчыкі, журналісты… Дзяўчаты сябруюць паміж сабой, нягледзячы на тое, што розніца паміж старэйшай і малодшай – 20 гадоў. На ўсе сямейныя святы стараюцца збірацца разам, хаця жывуць у розных гарадах – Мінску, Маладзечне, Гродне, Астраўцы і нават у Мадрыдзе.
Гэту цікавую сямейную гісторыю расказала нам маладзечанка Сняжана Курловіч, старэйшая з дзяўчат.
...Жыццё Леакадзіі Антонаўны прайшло на Валожыншчыне, у вёсцы Макараняты. Родам яна з вялікай сям’і, у якой было 11 дзяцей. І сама разам з мужам Іванам Аляксандравічам выгадавала чатырох дачок і дваіх сыноў. Усё жыццё працавала ў гандлі, шмат гадоў была загадчыцай магазіна. Цікава, што дочкі таксама пайшлі па яе слядах, іх прафесіі звязаны са сферай абслугоўвання. Дзеці стварылі свае сем’і, прыйшла чарга ўнукаў. І вось адна за адной пачалі нараджацца дзяўчынкі… Калі ў чарговы раз дачку ці нявестку везлі ў раддом, Іван Аляксандравіч нязменна казаў: «Чаго думаць хто народзіцца? Дзеўка будзе!».
Унучкі часта прыязджалі на канікулы да бабулі з дзядулем. Іх вёсачка раскінутая па хутарах, прырода там прыгожая, паветра чысцюткае. Сняжана расказвае, што пры вялікай занятасці на рабоце бабуля заўсёды была цудоўнай гаспадыняй. Пах яе пірагоў памятаюць усе ўнучкі… А якую смачную мачанку з блінамі гатавала яна на сняданак!
На жаль, 19 гадоў няма ўжо яе мужа, які раздзяляў з жонкай клопаты аб дзецях. Леакадзія Антонаўна зусім мала была ў дэкрэтным адпачынку, хутка выходзіла на работу ў свой магазін, а Іван Аляксандравіч выгадаваў усіх дзяцей. «Наша бабуля вельмі працавітая, справядлівая, сумленная. Яна веруючы чалавек, усё жыццё ходзіць у касцёл», — расказвае старэйшая ўнучка.
Цяпер на зіму Леакадзію Антонаўну забіраюць да сябе дзеці. У мінулым годзе была ў малодшай дачкі Аксаны ў Чысці, сёлета – у Смаргоні. Але як толькі надыходзіць цяпло, яна просіцца дамоў, на свой хутарок. Блізкія пастаянна наведваюць яе, разам збіраюцца на святы. Усіх сваіх унучак бабуля ніколі не пераблытае па імёнах, яна ў курсе іх сямейных, прафесійных спраў, вучобы, вельмі ганарыцца поспехамі.
Старэйшыя ўнучкі Леакадзіі Антонаўны замужам, маюць сваіх дзяцей, некаторыя і па двое. І вось яшчэ адзін цікавы факт, аб якім расказала Сняжана Курловіч: першынцы ў яе і стрыечных сясцёр выключна хлопчыкі. Відаць, мудрая прырода вырашыла выраўнаваць дэмаграфічны баланс у гэтай вялікай сям’і. А ўсяго ў бабулі Леакадзіі дзявяцера праўнукаў — шасцёра хлопчыкаў і тры дзяўчынкі.
Сёлета ў лістападзе Леакадзіі Антонаўне споўніцца 90 гадоў, і гэта будзе выдатная нагода, каб яе ўнучкі сабраліся ў чарговы раз. Безумоўна, з Днём жанчын яны таксама павіншуюць сваю любімую бабулю – сапраўдную берагіню вялікай і дружнай сям’і.
Фота: сямейны архіў Сняжаны КУРЛОВІЧ.