Вялікі кулінарны вопыт, любоў да людзей і жаданне накарміць увесь свет – галоўныя сакрэты прыгатавання страў, якія прадставілі 14 удзельніц раённага конкурсу кулінарнага майстэрства «Бабуліны прысмакі-2018».
...Мужы, дзеці, унукі, праўнукі – найлепшы стымул для кулінарных подзвігаў бабуль. Дзеля іх жыхарка Груздава Кацярына Малец пячэ карысны хлеб на заквасцы без дражджэй, навучылася рабіць жэле з казінага тварагу, дамашні маянэз. Кацярына Іванаўна да пенсіі працавала педагогам у горадзе, шэсць гадоў таму з мужам пераехалі ў вёску, разводзяць коз, авечак, гусей. Два гады таму жанчына дайшла да паўфіналу рэспубліканскага конкурсу «Я магу!» з песняй «Течёт ручей» з рэпертуару Надзеі Кадышавай, выканала яе і на гэтым мерапрыемстве. Вясковымі прысмакамі частавалі гасцей таксама Святлана Грачыха з Лебедзева і Тамара Шыпонікава з Сасновага Бору.
Аператарам аўтазаправачнай станцыі прадпрыемства «Беларусьнафта-Мінскаблнафтапрадукт» працавала Таццяна Сіняк, якая прыгатавала на конкурс хрушчы па рэцэпце сваёй бабулі. «Нібы і сёння чую голас бабулі, якая расказвала мне рэцэпт: «Тры шклянкі пекляванай (тонка молатай і добра прасеянай) мукі, стограмоўка «першачку»…», — прыгадвае гаспадыня.
Пяць гадзін чаравала над чатырохкілаграмовым тортам-жэле з фруктамі Ала Карнацкая, у мінулым інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання, якая на конкурсе прадстаўляла ветэранскую арганізацыю УП «Камунальнік». Ала Іосіфаўна выдатна ведае не толькі беларускую, але і ўсходнюю кухню, валодае майстэрствам карвінгу – фігурнай нарэзкі фруктаў і агародніны.
Сапраўдны ас у вырабе кандытарскіх вырабаў Ганна Грышкевіч, якая некалькі дзесяцігоддзяў узначальвала вытворчую лабараторыю хлебазавода. «Як зрабіць такія цюльпаны з крэму?» — нязменна пыталіся ўсе, любуючыся яе тартамі. Аказваецца, ёсць спецыяльная кандытарская трубачка, дзякуючы якой можна «вырасціць» крэмавыя кветкі…
Смакаты і прыгажосці на конкурсе было багата, журы нялёгка было вызначыць пераможцаў.
І ўсё ж самыя дасканалыя і прафесійныя вырабы былі ў Алы Карнацкай, якая перамагла ў намінацыі «Кандытарскае майстэрства», і Ганны Грышкевіч у намінацыі «Смачная сімволіка». У намінацыі «Народная мудрасць» лепшай стала Тамара Троцкая, «Бабулін рэцэпт» — Кацярына Малец, «Салаты і закускі» — Любоў Сірыська, «Ветэранскія пірагі» — Ларыса Сысун.
Акрамя таго, былі зацверджаны спецыяльныя прызы ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі, прызамі, білетамі ў Мінскі абласны краязнаўчы музей, на мерапрыемствы цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна.
Поўнасцю матэрыял змешчаны ў "МГ" за суботу, 24.03.2018 г.
Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.