Новости Молодечно и Молодечненского района

Білет у Амерыку. Сямейная гісторыя Раісы Гулевіч

  • 2018-08-20 05:32:55
  • Анжаліка Крупянькова


— Свайго дзядулю па мамінай лініі Ксаверыя Шыдлоўскага, на вялікі жаль, я ужо не застала, ён рана пайшоў з жыцця, — расказвае Раіса Міхайлаўна. — А вось бабулю Стафанію добра памятаю, мне было 15 гадоў, калі яе не стала. Цяпер шкадую, што не распытала ў яе, як яны з дзедам ездзілі на заробкі ў Амерыку. У маладосці сямейныя гісторыі, старыя фотаздымкі не вельмі цікавілі, а цяпер і хацела б даведацца больш, ды няма ў каго спытацца. Ведаю, што бабуля з дзедам некалькі разоў ездзілі ў Амерыку. Бралі з сабой і старэйшую дачку Ядвігу. Кім яны там працавалі, не магу сказаць. Але, відаць, іх спадзяванні на добрыя заробкі апраўдаліся, бо пасля вяртання дзед купіў у сваёй роднай вёсцы Чахі 20 гектараў зямлі, 40 гектараў лесу. Дарэчы, план зямлі таксама захаваўся. Дзед пабудаваў новы дом, у якім я вырасла. Мая мама Эдмунда – малодшая дачка Шыдлоўскіх. Яна расказвала, што жыла іх сям’я не бедна. У доме была служанка, якая дапамагала бабулі па гаспадарцы. А была яна немалой, адных толькі коней сямёра. З прыходам савецкай улады дзеда раскулачылі, зямлю адабралі. Добра, што ў ссылку не адправілі.

Той самы білет да Амерыкі.

 



Раіса Міхайлаўна прыгадвае, як яны з сястрой любілі прымяраць бабуліну сукенку, прывезеную з Амерыкі. Была яна вельмі прыгожая: прамая, бэжавая, уся вышытая бісерам, таму цяжкая. Праўда, унучка не памятае, каб бабуля Стафанія калі-небудзь яе апранала: відаць, занадта святочным і незвычайным быў гэты ўбор для вясковага жыцця. Як памяць пра вандроўку праз акіян, засталіся белае блюда і відэлец з выгравіраванай на ім літарай «К» — ім карыстаўся толькі дзед.

Так выглядалі Стафанія і Ксаверый Шыдлоўскія, іх дачка Ядвіга, калі адправіліся за акіян. Былі гэта 20-30-я гады мінулага стагоддзя.



На шчасце, захаваліся і фотаздымкі дзеда, бабулі, цёткі Ядвігі «амерыканскага» перыяду. А вось ніводнай з трох пар маладых на прыгожым вясельным фота Раіса Міхайлаўна не ведае. Магчыма, на ім сваякі: дзве сястры бабулі жылі ў Польшчы, брат – у Англіі. Гэты здымак – нібы кадр з якога-небудзь замежнага кінафільма, як прывітанне з далёкага і невядомага мінулага вялікай сям’і, выхадцы з якой разляцеліся па ўсім свеце. Магчыма, з дапамогай інтэрнэту Раіса Гулевіч зможа знайсці сваякоў – яна аб гэтым марыць.



А пакуль разам з мужам Іванам Цімафеевічам берагуць бацькоўскі дом у Чахах. Ужо каторы год збіраюць на ўласнай сядзібе выхадцаў са сваёй невялічкай вёскі, што ў Хажоўскім сельсавеце. Вось і ў ліпені тут прайшло па-сямейнаму цёплае свята, пра якое расказвала наша газета. Да яго Раіса Міхайлаўна падрыхтавала выстаўку сямейных рэліквій. Гэтыя здымкі займалі на ёй пачэснае месца. Многія падоўгу разглядалі, здзіўляліся, захапляліся. І дзякавалі гаспадыні, што захавала іх.