Напярэдадні Дня бацькі, які адзначаецца ў нашай краіне 21 кастрычніка, мы пагаварылі аб ролі таты ў выхаванні дзяцей з намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маркаўскай сярэдняй школы Кацярынай ІВАНЕЦ.
У наш час вялікая нагрузка і адказнасць за выхаванне дзяцей кладзецца на плечы жанчын. Таты, на жаль, аддаюць перавагу пасіўнай пазіцыі ў выхаванні дзіцяці, лічаць, што гэта жаночая справа. Якім жа ўсё ж павінен быць бацька?
– Трэба, каб ён быў аўтарытэтам у сям’і. Гэта не азначае, што дзеці павінны яго баяцца. Аўтарытэт заключаецца ў пашане і павазе дзяцей да бацькі. Добра, калі сыны і дочкі стараюцца не пакрыўдзіць тату, імкнуцца не зрабіць яму балюча, не расстроіць паводзінамі, учынкамі. Ён, у сваю чаргу, таксама клапоціцца пра дзяцей не толькі ў плане «набыць адзенне, тэлефон, цацку» ці даць грошай або пакарміць. Бацька імкнецца падтрымаць сваё дзіця ў духоўным плане (напрыклад, стараецца з разважлівасцю падыходзіць да вырашэння праблем; не ўжывае нецэнзурную лексіку, не курыць і не ўжывае алкагольныя напіткі, з’яўляецца свайму дзіцяці сябрам, дарадцам, настаўнікам). Тата – гэта прыклад, ідэал, да якога цягнецца сын і які бачыць дачка. І ў першую чаргу гэта праяўляецца ў адносінах да жонкі – маці яго дзяцей. Гэта толькі невялікая частка праяўлення любові – самай важнай каштоўнасці ў сям’і і грамадстве, – разважае Кацярына Іванец.
Алег ПАЦЭВІЧ
Фота: архіў Кацярыны ІВАНЕЦ