Новости Молодечно и Молодечненского района

Акцыя завяршылася, увага застаецца

  • 2023-05-02 11:42:57
  • Алег Бяганскі

Як адзначыў старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолій Фурс, акцыя паказала сваю эфектыўнасць. Яна ахапіла ўсе гаспадаркі раёна. Былі праведзены дзясяткі сустрэч з калектывамі аб’ектаў жывёлагадоўлі. Людзі дзяліліся набалелым, задавалі пытанні, прасілі дапамогі ў вырашэнні той або іншай праблемы.

Садзейнічала прафсаюзнай ініцыятыве кіраўніцтва сельскагаспадарчых арганізацый Маладзечаншчыны, дзякуючы чаму многія пытанні аператыўна вырашаліся. Усё гэта паўплывала на вынікі працы жывёлаводаў. І не дзіўна, бо работнікам важна ведаць, што яны не забытыя, што іх сацыяльныя інтарэсы пад абаронай.

-- Нягледзячы на актыўнае ўкараненне на малочнатаварных фермах і комплексах сучасных тэхналогій і механізацыю большасці вытворчых працэсаў, прафесія жывёлавода застаецца нялёгкай, -- падкрэсліў Анатолій Фурс. -- На гэта ўплывае спецыфіка вытворчасці -- «разарваны» рабочы дзень у аператараў машыннага даення, неабходнасць пастаянна абслугоўваць жывёл (без выхадных дзён), высокія патрабаванні да якасці малака, а значыць, да выканання тэхналогіі…

Вось чаму з боку наймальніка павінны быць створаны камфортныя ўмовы для работы жывёлаводаў. Нельга таксама забываць пра аплату працы за сумяшчальніцтва, звышурочную работу. А выдача спецыялістам спецадзення і сродкаў індывідуальнай аховы не толькі патрабаванне заканадаўства, але і індыкатар стаўлення наймальнікаў да работнікаў.

Па словах Анатолія Антонавіча, увага прафсаюзаў да жывёлагадоўчай сферы не слабее і пасля заканчэння акцыі. Прафсаюзныя маніторынгі і сустрэчы з жывёлаводамі працягваюцца. З боку работнікаў таксама павінна быць аддача. Людзі не павінны парушаць працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. Па вялікім рахунку, заработная плата ў руках саміх работнікаў.

У ТЭМУ. Нядаўна ў рамках прафсаюзнага маніторынгу Анатолій Фурс сустрэўся з калектывам МТФ «Селеўцы». Аб’ект жывёлагадоўлі адметны тым, што летась тут быў прыняты ў эксплуатацыю прафілакторый для цялят. Вялося будаўніцтва гаспадарчым спосабам. У новым памяшканні ўтрымліваюцца маладыя жывёлы ад нараджэння да 75 дзён. Потым іх пераводзяць у іншае памяшканне, што знаходзіцца побач.

Даглядаюць маладняк двое спецыялістаў. Умовы працы для жывёлаводаў палепшыліся. У іх распараджэнні «малочнае таксі». Гной убірае трактар. Паенне жывёлы аўтаматычнае. Памяшканне сканструявана так, каб максімальна павялічыць механізацыю вытворчых працэсаў. У выніку кожнаму падапечнаму дастаецца больш увагі і клопату.

Віншуем! За плённую добрасумленную працу раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК адзначыла аператараў машыннага даення ААТ «Селеўцы» Аксану Дзянісік, Алу Козел, Іну Цыцыну, Юлію Брылевіч, лабаранта па вытворчым участку «Хоўхлава» Вікторыю Капко і брыгадзіра МТФ «Задворцы» Святлану Кучко.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.