Згадзіцеся, так паэтычна расказваць пра няпростую работу агранома можа чалавек, які яе вельмі любіць і атрымлівае ад яе задавальненне. Галоўны аграном ААТ «Хоўхлава» Леанід Давідзёнак менавіта з такой слаўнай кагорты.
Сёлета ўраджай збожжавых у ААТ «Хоўхлава» стаў сапраўды залатым для гаспадаркі на чале са старшынёй Андрэем Стадубам: па выніках жніва яна заняла першае месца ў вобласці. Ураджайнасць тут склала 56,5 цэнтнера з гектара, намалот у бункернай вазе — 4266 тон, выхад збожжа на адзін бала-гектар — 259 кілаграмаў.
За высокімі паказчыкамі – напружаная праца ўсяго калектыву. Нельга не парадавацца і за Леаніда Давідзёнка, які прызнаны лепшым галоўным аграномам сталічнай вобласці. На абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019» у Барысаве старшыня Мінскага аблвыканкама Анатолій Ісачанка ўручыў Леаніду Мечыслававічу дыплом за першае месца. Сваю радасць перадавік раздзяліў з жонкай Валянцінай Ігараўнай, галоўным эканамістам гаспадаркі. Сёлета ўпершыню на «Дажынкі» запрасілі не толькі пераможцаў, але і іх жонак.
Усе палі ведае, як свой агарод
33 гады Леанід Мечыслававіч шчыруе на хлебнай ніве. Пасля Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума пачынаў брыгадзірам у родным саўгасе «Падбярэззе» на Валожыншчыне. Набіраўся вопыту ў вядомага на ўсю краіну брыгадзіра Героя Сацыялістычнай Працы Зоі Задора, з якой і цяпер падтрымлівае сувязі.
— Галоўнае, чаму я навучыўся ў Зоі Макараўны, дык гэта адказнасці, зацікаўленасці і ўменню наладжваць шчырыя адносіны з людзьмі, паважаць і цаніць іх, — з удзячнасцю гаворыць мой субяседнік, які ўжо ў старэйшых класах школы ўпэўнена адчуваў сябе за плугам, умеў «на зуб» вызначаць спеласць збожжа.
— Яно само падказвае, гатова ці не, — з усмешкай гаворыць мой субяседнік. – Зярняты жыта «шчоўкаюць», нібы раскрываюцца. А спелая пшаніца на смак прыемная, клейкая, люблю яе пажаваць…
Яшчэ ў час работы ў «Падбярэззі» Давідзёнак завочна закончыў Гродзенскі сельгасінстытут. Сапраўднай школай жыцця стала і служба ў арміі: з мая па верасень 1986 года ён у складзе войскаў радыяцыйна-хімічнай разведкі выконваў воінскі абавязак у чарнобыльскай зоне, мае пасведчанне ліквідатара.
Самыя блізкія жанчыны Леаніда Мечыслававіча: жонка Валянціна Ігараўна і матуля Лідзія Паўлаўна.
Дваццаць тры гады Леанід Мечыслававіч працуе ў ААТ «Хоўхлава». З цеплынёй прыгадвае былога старшыню Міхаіла Губскага, агранома па адукацыі, у якога шмат чаму навучыўся. Давідзёнак прыйшоў у гаспадарку перад пасяўной 1996-га, а ў жніўні збіраў свой першы ўраджай. Быў ён далёка не такі высокі, як цяпер.
— Няпростым быў канец дзевяностых – пачатак двухтысячных: не хапала паліва, запчастак, угнаенняў. У такіх умовах стараліся хаця б засеяць землі, каб не пуставалі.
Але пакрысе сталі на ногі, у апошнія гады ўраджаі радуюць, хаця землі ў нас бедныя – пясчаныя, супясчаныя, з невысокім балам урадлівасці.
У гаспадарцы 1833 гектары ворыўнай глебы, і ўсе палі галоўны аграном ведае, як свой агарод.
— У чым сакрэт сёлетняга поспеху? – не магла не пацікавіцца ў пераможцы.
— Гэта плён працы многіх спецыялістаў нашай гаспадаркі на чале з яе вопытным старшынёй Андрэем Стадубам, — гаворыць Леанід Мечыслававіч. — Стараліся, як і штогод, захоўвалі тэхналагічны ланцуг. Рабілі стаўку на яравы ячмень, азімую пшаніцу. Своечасова ўносілі ўгнаенні, мікра- і макраэлементы, і яны далі аддачу. І надвор’е паспрыяла: дожджыкі праходзілі, вільготнасці хапала. У выніку да мінулагодняга ўраджаю дадалі паўтары тысячы тон збожжа.
Галоўны аграном з вялікай павагай расказвае пра вопытных механізатараў гаспадаркі. Камбайнавы экіпаж Сяргея Бабра і Васілія Бабровіча намалаціў 2457 тон збожжа і заняў першае месца ў раёне. На адвозцы збожжа вызначыліся вадзіцелі Аляксандр Бараноўскі і Аляксандр Якубовіч. Адказна ставяцца да сваёй працы трактарысты Дзмітрый Малькевіч, Аляксандр Нявера, Сяргей Артынскі, Уладзімір Магала.
Як і большасць спецыялістаў, Леанід Мечыслававіч не можа сабе дазволіць пайсці ў водпуск вясной ці летам, у час пасяўной, нарыхтоўкі кармоў і жніва даводзіцца працаваць і ў выхадныя. Такая спецыфіка сельскагаспадарчай працы. Мой субяседнік прызнаецца, што найлепшы для яго адпачынак – магчымасць пабыць дома, спакойна нешта падладзіць, падрамантаваць. Любіць паляванне, але, як сам гаворыць, не дзеля здабычы, а дзеля самога працэсу. Лес яго вабіў з дзяцінства, у школе нават хацеў быць лесніком.
А што ў сваім агародзе?
Аб гэтым не магла не пацікавіцца ў галоўнага агранома. «Шавец без ботаў» — гэта не пра Леаніда Мечыслававіча. Участак ля дома Давідзёнкаў (яго ў свой час ім выдзеліла гаспадарка) – нібы батанічны сад у мініяцюры. Акрамя традыцыйных культур гаспадары вырошчваюць грэцкі арэх і фундук, журавіны і буякі (голубику), выспявалі ў іх і кавуны, дыні, персікі.
— Хочацца ўсяго патроху пасадзіць, паэксперыментаваць, — гаворыць гаспадар.
Упрыгожваюць іх сядзібу дэкаратыўныя кусты, летам яна патанае ў кветках. Радуе вока штучны вадаём, дарожкі, выкладзеныя каменьчыкамі. Адчуваецца, што ўсё зроблена па-гаспадарску адмыслова, з любоўю. Расказваюць, што да дома падведзены прыродны газ, правялі мясцовую каналізацыю.
Летась было 20 гадоў, як Валянціна і Леанід пажаніліся. Для Валянціны Хоўхлава – родная вёска, яе бацькі працавалі настаўнікамі ў школе. Пасля Горацкай сельгасакадэміі яна вярнулася ў родную гаспадарку. Не ўтойвае, што, як і большасць вясковай моладзі, марыла жыць у горадзе, аднак жыццё ўнесла свае карэктывы. Калі была другакурсніцай, заўчасна памёр бацька, шкада было пакідаць матулю. Да таго ж паступала па накіраванні гаспадаркі. Першая яе пасада – бухгалтар па раслінаводстве. Часта даводзілася звяраць лічбы, складаць планы з маладым аграномам Леанідам… І самі не заўважылі, як спланавалі будучае жыццё.
— Галоўны аграном і галоўны эканаміст… А хто ў сям’і галоўны? – пацікавілася ў мужа і жонкі.
Яны пазнаёміліся на рабоце больш за дваццаць гадоў таму.
Але яны толькі заўсміхаліся: за дваццаць з «хвосцікам» гадоў навучыліся вырашаць праблемы разам, разумець і ўступаць адзін аднаму. Яны выгадавалі дзвюх цудоўных дачок: Дар’я працуе настаўніцай фізічнай культуры ў Мінскім абласным ліцэі, у яе гадуецца сынок – трохгадовы Рома, радасць і ўцеха бабулі з дзядулем. Малодшая дачка Надзея – будучы эканаміст у сферы турызму, вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
У Хоўхлаве пад адным дахам дружна жывуць матуля Валянціны Таіса Антонаўна Вяль, бацькі Леаніда Лідзія Паўлаўна і Мечыслаў Іосіфавіч Давідзёнкі, якія пераехалі сюды з вёскі Дуды з Валожыншчыны. Прыемна, што яны пастаянна выпісваюць нашу газету, цікавяцца навінамі раёна і кожны нумар чакаюць з нецярпеннем.
Хочацца спадзявацца, яны рады будуць убачыць на старонках «МГ» матэрыял пра сваіх дзяцей, якімі нельга не ганарыцца. Працавітыя, разумныя, гаспадарлівыя, неабыякавыя – менавіта на такіх людзях і трымаецца наша сельская гаспадарка, наша беларуская вёска.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І ДАВІДЗЁНКАЎ.