Новости Молодечно и Молодечненского района

Аграном Іна Шчарбакова: «Усе працуем у адной звязцы»

  • 2020-05-20 08:45:13
  • Алег Бяганскі

Яе імя занесена на раённую Дошку гонару.

Прафесія агранома складаная нават для мужчын. Аднак некаторыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва з сельскагаспадарчымі справамі спраўляюцца не горш. Вось і спецыяліст ААТ «Гарадзілава» Іна Шчарбакова выдатна выконвае свае абавязкі, умее знайсці агульную мову з іншымі работнікамі. У гэтым і заключаецца сакрэт яе поспеху. А яшчэ ў працавітасці і грунтоўнасці, якімі адрозніваецца большасць вяскоўцаў.

Нарадзілася Іна Міхайлаўна ў вёсцы Падбярэзь Валожынскага раёна. Пасля школы закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (цяпер – аграрны ўніверсітэт). Атрымала дыплом вучонага-агранома. Працавала аграномам-аграхімікам, галоўным аграномам на Валожыншчыне. У наш раён разам з сям’ёй пераехала ў 2016 годзе.

У калектыў ААТ «Гарадзілава» ўлілася адразу. І менавіта ў гэтай гаспадарцы ў поўнай меры раскрыліся ўсе яе прафесійныя здольнасці. Паўплывалі немалы ўжо вопыт, а таксама пад-трымка з боку кіраўніка таварыства Дзмітрыя Грамовіча.

— У гаспадарцы ў наяўнасці практычна ўсе фактары, якія спрыяюць поспеху, — гаворыць Іна Шчарбакова. — Глеба ў асноўным сугліністая, урадлівая. Яна добра затрымлівае вільгаць, таму засуха не вельмі страшная. Гэта спрыяльна адбіваецца на росце і развіцці сельскагаспадарчых культур.

Аднак спадзявацца толькі на прыроду не варта. Галоўным чынам высокая ўраджайнасць дасягаецца за кошт усяго комплексу агратэхнічных мерапрыемстваў, сярод якіх — падкормка раслін, унясенне ўгнаенняў, аптымальны севазварот. Фінансаванне адбываецца своечасова і ў поўнай меры. Насенны матэрыял закупляецца якасны. Пастаянна папаўняецца матэрыяльная база гаспадаркі. Важнае значэнне мае высокая культура вытворчасці.

— Праблем з арганізацыяй работ не ўзнікае, — працягвае Іна Міхайлаўна. – Працаваць з механізатарамі — адно задавальненне. Хлебаробы матываваныя. Яны атрымліваюць высокую заработную плату. Пасля заканчэння жніва ёсць яшчэ прыемныя бонусы ў выглядзе каштоўных падарункаў. У гаспадарцы кожны год многа «тысячнікаў». Увогуле, прыемна, што мужчыны мяне паважаюць. З гатоўнасцю выконваюць усе даручэнні. А як інакш? Усе працуем у адной звязцы.

Субяседніца адзначыла, што вялікія плошчы ў «Гарадзілаве» адводзяцца пад азімыя рапс і пшаніцу. Стаўка на гэтыя культуры апраўданая. Так, летась ураджайнасць рапсу склала 42,6 цэнтнера з гектара, прыбытак ад яго – 618 тысяч рублёў, пшаніцы – 64,4 цэнтнера з гектара (прыбытак – 771 тысяча рублёў). Увогуле, па ўраджайнасці рапсу, збожжавых і зернебабовых «гарадзілаўцы» адны з лідараў у вобласці.

Паколькі гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, значныя плошчы займае люцэрна. Прычым пасевы гэтай кармавой культуры рэгулярна абнаўляюцца. Добра родзіць на палетках і кукуруза. У выніку статак надзейна забяспечваецца кармамі.

— Віды на ўраджай сёлета добрыя. Азімыя выдатна перанеслі халодны перыяд. Яравыя пасеялі хутка і ў найбольш спрыяльныя агранамічныя тэрміны. Свое-часова закрылі вільгаць на палях. Цяпер заканчваем падрыхтоўку да корманарыхтоўкі. Арганізавана пройдуць і наступныя этапы палявых работ, — падзялілася думкамі Іна Шчарбакова.

У канцы размовы Іна Міхайлаўна прызналася, што для яе ганарова працаваць у «Гарадзі-лаве». Спецыяліст раслінаводчай галіны добра вывучыла і землі гаспадаркі, і характары работнікаў. На работу прыходзіць з пазітыўным настроем і перадае яго іншым.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.