Новости Молодечно и Молодечненского района

Ад помніка да помніка

  • 2024-10-09 15:01:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Крыніца ля вёскі Лешны – адна з найбольш вядомых на Маладзечаншчыне. Яна не толькі шануецца вернікамі ўсіх канфесій, але і мае статус помніка прыроды мясцовага значэння.

Асабіста я наведваю крыніцу рэгулярна. Дача мая знаходзіцца недалёка, ля вёскі Асанава. Таму часу на пешую прагулку трэба не так многа. Абавязковы пункт у праграме – набраць жыватворнай вады. Яна вельмі смачная, ды і захоўваецца доўга. Мясцовыя людзі кажуць, што гэта вада валодае лячэбнымі ўласцівасцямі.

Аднак не толькі крыніца ўяўляе цікавасць у гэтым падарожжы. У самой Лешне можна збочыць з галоўнай дарогі і прайсціся па дамбе, якая ўтварае зацішную сажалку. Не раз бачыў рыбакоў на яе берагах.

На супрацьлеглым беразе «пазіруюць» перад падарожнікамі некалькі векавых дубоў. Той, што расце на самай вышыні, сёлета доўга стаяў без лісця. Аднак жыццёвая сіла ўзяла верх. Дрэва да лета пакрылася лістотай.

Ля ўзгорка знаходзіцца помнік, прысвечаны ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Кожны год 26 красавіка тут збіраюцца людзі, каб успомніць падзеі далёкага ўжо 1986 года.

Такім чынам, непрацяглы маршрут звязвае і экалогію, і гісторыю, і духоўную спадчыну Маладзечанскага раёна. Прайсціся па ім карысна і павучальна.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Уладзіслава ЧАРНОВА