Новости Молодечно и Молодечненского района

Ад немцаў хаваліся ў лясной зямлянцы

  • 2025-03-08 06:15:00
  • Олег Беганский

Вялікая Айчынная вайна закранула практычна кожную беларускую сям’ю. У віхуры падзей апынуліся бацькі жыхара вёскі Навасёлкі 1 Леаніда ЖЫТКЕВІЧА.

Наш зямляк падзяліўся ўспамінамі з паэтам, празаікам, перакладчыкам, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Віктарам Шніпам. Яны ўвайшлі ў кнігу «Заўтра была адліга».

Маці Леаніда Станіслававіча Ганна Іосіфаўна расказвала, што як толькі пачалася вайна, яго бацьку Станіслава Іванавіча, як і многіх іншых вяскоўцаў, прызвалі ў армію. Аднак практычна ўсе яны разам з чырвонаармейцамі, што адступалі, трапілі ў акружэнне, а потым і ў палон.

Ганна Іосіфаўна са сваёй маці пайшла ў горад шукаць бацьку. Абышлі два ці тры лагеры – не знайшлі. Затое наглядзеліся жахаў: за калючым дротам тоўпіліся палонныя вайскоўцы, некаторыя былі ўжо ў непрытомнасці. Па дарозе маці і бабулю здзіўляла колькасць немцаў на танках і іншай тэхніцы, што рухаліся ў бок Мінска.

Бацьку немцы дазволілі вяртацца дамоў з іншага лагера. Паблізу Ратамкі яго нечакана абстраляў нямецкі патруль. Некалькі асколкаў тых куль урачы дасталі з рукі бацькі ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
Увесь перыяд акупацыі Станіслаў Іванавіч з сям’ёй жыў на хутары паблізу Дубрава. Некалькі разоў даводзілася хаваць ад немцаў дзяцей у выкапанай у лесе зямлянцы. У наваколлі дзейнічалі партызаны, прытулкам для якіх былі лес і сялянскія хутары.

Заканчэнне вайны запомнілася хутаранам паветраным боем непадалёк ад Дзявочай горкі. Ганна Іосіфаўна расказвала, што вельмі страшна было глядзець, як некалькі самалётаў насіліся ў небе і стралялі адзін у аднаго.

Пасля вызвалення Станіслава Іванавіча ў армію не прызвалі. Ён быў добрым сталяром, і яго накіравалі ў майстэрню Маладзечанскага паравознага дэпо.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ